Усяго за месяц газіроўка кардынальна мяняе абмен рэчываў

Многія ведаюць: газіроўка правакуе атлусценне. Аднак мала хто падазрае, што для адпаведнага эфекту яе дастаткова піць усяго адзін месяц.

01.08.2012 / 14:29

За такі кароткі тэрмін арганізм перабудоўвае метабалізм і пачынае браць энергію з цукру ў напоі, не спальваючы тлушч, паведамляе The Telegraph.

Гэта прыводзіць да працяглых наступстваў (напрыклад, павышаецца цукар у крыві, што пагражае дыябетам 2 тыпу). Паводле словаў доктара Ганса-Петэра Кубіша з Універсітэта Бангор, цягліцы ў целе здольныя распазнаваць цукар у напоі, зніжаючы эфектыўнасць метабалізму не толькі на дадзены момант, але і ў будучыні.

Дадзеную заканамернасць навуковец выявіў у групы добраахвотнікаў, якія пілі газіроўку чатыры тыдні. У іх газіроўка прыводзіла да збояў цягліцавага метабалізму за кошт змены ў актыўнасці генаў. У выніку нават у, здавалася б, здаровых людзей фіксаваліся асаблівасці, характэрныя для пацыентаў з атлусценнем і дыябетам 2 тыпу. Таму Кубіш настойліва рэкамендуе адмовіцца ад салодкай газіроўкі.