Музыкі Red Hot Chili Peppers напісалі лісты арыштаваным удзельніцам Pussy Riot

«Надзя, Каця і Маша, мы любім вас, падтрымліваем вас і знаходзімся тут, каб дапамагчы вам».

23.07.2012 / 16:14

Энтані Кідзіс у Санкт-Пецярбургу.

Музыкі амерыканскага гурта Red Hot Chili Peppers напісалі лісты тром удзельніцам групы Pussy Riot, паведаміў муж адной з арыштаваных дзяўчат Пётр Вярзілаў.

«Надзя, Каця і Маша, мы любім вас, падтрымліваем вас і знаходзімся тут, каб дапамагчы вам»,
-- працытаваў Вярзілаў ліст вакаліста Red Hot Chili Peppers Энтані Кідзіса, адрасаваны дзяўчатам.
«Я думаю пра вас увесь час. Я апладзірую вашай адвазе, я малюся за ваша вызваленне, і я буду спрабаваць данесці да як мага большай колькасці людзей тое, што з вамі адбываецца»,
- напісаў басіст гурта Майкл Бэлзары (больш вядомы як Флі).

Напярэдадні Энтані Кідзіс выйшаў на сцэну Лужнікоў у Маскве, дзе праходзіў канцэрт калектыву, у майцы з надпісам Pussy Riot. У пятніцу ўвечары на канцэрце ў Санкт-Пецярбургу Кідзіс таксама выйшаў на сцэну ў майцы з назвай гурта.

Арганізатар пецярбургскага выступу гурта заявіў, што вакаліст, хутчэй за ўсё, прывёз гэтую майку з сабой і апрануць яе на канцэрт было ягонай ініцыятывай.

У дзень канцэрту Red Hot Chili Peppers у Пецярбургу стала вядома, што суд вырашыў пакінуць дзяўчат з Pussy Riot пад арыштам прынамсі да 12 студзеня 2013 года. Удзельніцы гурта былі арыштаваныя ў сакавіку гэтага года па справе аб панк-набажэнстве «Багародзіца, Пуціна прагані!» ў храме Хрыста Збаўцы ў Маскве.

***

Музыкі гурта Red Hot Chili Peppers з'яўляюцца ўладальнікамі 7 прэмій Grammy. Ва ўсім свеце прададзеныя больш за 85 мільёнаў копій іх альбомаў. У суботу ліст дзяўчатам таксама напісаў саліст шатландскага гурта Franz Ferdinand Алекс Капранас, што таксама выступаў у Маскве.