Ганцавічы з-пад бел-чырвона-белага крыла — фота і відэа

Жыхар райцэнтра праляцеў над родным горадам на мотапараплане

22.07.2012 / 22:21

Сотні ганцаўчан на мінулым тыдні сталі сведкамі рэдкага відовішча – у паветры над Ганцавічамі на лятальным апараце кружыў чалавек, піша «Ганцавіцкі час». Рызыкоўны і смелы палёт на асабістым мотапараплане ўвечары, 10 ліпеня, упершыню здзейсніў ганцаўчанін Міхаіл Лемяшэўскі.

Свой новы мотапараплан Міхаіл Іосіфавіч спачатку выпрабаваў пад час невялікай трэніроўкі за вёскай, дзе падняўся на некалькі соцен метраў. Прабыў у паветры ён каля пяці хвілін. Палёт над Ганцавічамі доўжыўся каля 20 хвілін. Пасля палёту і ўдалага прызямлення аўтар гэтага артыкула папрасіў Міхаіла Лемяшэўскага падзяліцца ўражаннямі і адказаць на пытанні.

– Міхаіл Іосіфавіч, як выглядае наш город з вышыні птушынага палёту? Якое адчуванне?

– Проста здорава! Гэта нават цяжка перадаць словамі. На душы такое адчуванне, што захоплівае дух. Калі ты ў паветры, то на зямлю глядзіш, напэўна, як птушка. Зверху знаёмыя будынкі і вуліцы выглядаюць па-іншаму, людзі і машыны быццам мурашы і ты над імі ляціш, быццам птушка, і вецер у вышыні моцны і тэмпература значна ніжэй, чым на зямлі.

– Адкуль такое незвычайнае для нашай мясцовасці захапленне?

– Прыкладна год таму ўбачыў у свайго сябра з Люсіна Янкі Жалезнага дэльтаплан. Вось наглядзеўся і сам зацікавіўся і загарэўся марай працялець над мясцінамі, дзе нарадзіўся, дзе жылі мае прадзеды, прапрадзеды, над Ганцавічамі, дзе я шмат гадоў жыў і дзе выраслі мае дзеці.

– Чаму выбралі параплан, а не дэльтаплан?

– Дэльтаплан больш выкарыстоўвацца ў горнай мясцовасці, а на мотапараплане можна ўзляцець з роўнай зямлі. Ды і ў практычным плане яго можна выкарыстоўваль для абследавання тэрыторый, пошуку людзей, напрыклад, якія згубіліся на балоце. Гэта самы танны і мабільны сродак перамяшчэння па паветры.

– І колькі гэты «танны» сродак каштуе?

– Непараўнальна танней, чым патрыманы верталёт ці самалёт. А калі без жарту, то такі мотапараплан у камплекце з такімі рознымі неабходнымі рэчамі, як шлем, рацыя, відэакамера і іншае – амаль 6 тысяч еўра. Немалыя грошы, але мара гэтага каштуе.

– А вось крыло вам выпадкова трапілася бел-чырвона-белага колеру, ці як?

– Невыпадкова. Сам выбраў. Для мяне гэтае спалучэнні колераў святое. Гэта сімвалы маіх продкаў, таму што беларус. Свядомы беларус.

– Я сачыў за палётам ад пачатку старта і да прызямлення і зразумеў, што першы раз без падрыхтоўкі вось так проста паляцець нельга. Дзе навучыліся гэтаму майстэрству

– Як і многія жыхары Ганцаўшчыны, я ўжо шмат гадоў працую ў Расіі. Знайшоў на сайце ў Піцеры клуб «Вінговер», выйшаў да іх, прайшоў вучобу, налятаў пэўную колькасць гадзін. Адразу хачу сказаць, што самастойна авалодваць такой тэхнікай не пажадана – вельмі вялікая рызыка. Вось і пад час гэтага палёту парывы ветра ледзьве не развярнулі і не склалі крыло.

– А калі сапраўды ўзнікне непрадказальная сітуацыя ў паветры, напрыклад, рухавік захлохне? Што тады?

– Калі рухавік заглохне, гэта не страшна. Калі ёсць вопыт, пілот спланіруе і зробіць пасадку без праблем. Небяспечна, калі перакруціць крыло. Калі на вышыні некалькі соцен метраў, то можна зноў яго напоўніць паветрам ці выкарыстаць парашут. А калі менш за сто метраў, то гэта небяспечна.

– Многія, напрыклад, купляюць байкерскія матацыклы, гоначныя машыны, каб адчуць хуткасць, ад якой таксама дыханне перахоплівае. А чаму вас «пацягнула» у неба?

– Дык на матацыкле ці машыне даішнікі ўвесь час будуць спыняць, а ў паветры не дастануць – яны яшчэ не лятаюць. (Смяецца) Жартую, канешне. Мотапланерызм – гэта зусім іншае адчуванне. Мне хацелася паглядзець не толькі самому і праляцець, але і паказаць людзям, як выглядаюць нашы мясціны з вышыні. Для гэтых мэт купіў спецыяльную відэакамеру, і калі на сваім сайце вы размесціце відэа, то і чытачы «Ганцавіцкага часу» убачаць тое, што бачыў я з вышыні птушынага палёту.