ЗША запусцілі звышсакрэтны спадарожнік-шпіён

04.04.2012 / 16:26

ЗША запусцілі касмічную ракету з сакрэтным спадарожнікам Нацыянальнага ўпраўлення ваенна-касмічнай выведкі, паведамляе ў сераду агенцтва Associated Press.

Запуск ракеты Дэльта-4 адбыўся ў 01:12 4 красавіка па мінскім часе з каліфарнійскай базы ВПС ЗША «Вандэнберг». Адзначаецца, што канфігурацыя ракеты была змененая на больш магутную — да асноўнага разгоннага блоку былі дададзеныя яшчэ два меншай магутнасці. Акрамя таго, для запуску выкарыстоўваўся павялічаны грузавы модуль.

У эфіры амерыканскіх тэлеканалаў былі паказаныя толькі тры першыя хвіліны пасля запуску. Афіцыйна змесціва грузу ракеты засакрэчана,

аднак лічыцца, што амерыканская выведка вывела на арбіту магутны радыёлакацыйны спадарожнік-шпіён, здольны сачыць за наземнымі аб’ектамі ноччу і ў непагадзь.

Раней запуск спадарожніка адкладаўся на тыдзень з-за няспраўнасцяў у рухавіках апошняй прыступкі ракеты.

ЗША за апошнія гады запусцілі цэлы шэраг сакрэтных спадарожнікаў. Лічыцца, што Злучаныя Штаты істотна абнаўляюць элементы касмічнай выведкі.