Фотафакт: Як у Брэсце ратуюць лебедзяў

На дапамогу птушкам, што зімуюць на Мухаўцы, прыйшлі супрацоўнікі МНС.

06.02.2012 / 19:48

6 лютага супрацоўнікі Брэсцкага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях пачалі аперацыю па ратаванні лебедзяў, якія традыцыйна зімуюць на рацэ Мухавец.

Гэтыя птушкі кожны год застаюцца на зімоўку ў Брэсце. Сёлета з-за позняга наступлення халадоў зімаваць у горадзе засталіся больш як 150 лебедзяў-шыпуноў. У апошнія дні невялікая палонка, у якой яны знаходзіліся і карміліся, станавілася ўсё меншая. Напярэдадні адна птушка загінула. На выручку лебедзям прыйшлі супрацоўнікі МНС — спецыялісты вадалазнай службы пажарнага аварыйнага ратавальнага атрада разрэзалі лёд, павялічыўшы палонку. Неабыякавымі да лёсу птушак аказаліся і брэстаўчане, якія, нягледзячы на мароз, прыносяць да замерзлай ракі корм.