Расія зменшыць мыты на аўто пасля ўступлення ў СГА

Увозіць машыны, малодшыя за сем гадоў, стане выгадней.

15.11.2011 / 13:07

Пасля ўстулення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА) Расія зменшыць мыты на аўтамабілі, малодшыя за сем гадоў да 25%. Пра гэта распавёў кіраўнік расійскай дэлегацыі на перамовах па ўступленні ў СГА Максім Мядзведкоў.

На працягу пяці гадоў для машын узростам ад трох да сямі гадоў тарыф паменшыцца да 20% (цяпер — 35%). Стаўка зменшыцца з цяперашніх 1,2–2,8 еўра за кубічны сантыметр да прыкладна 0,7–1,6 еўра.

Для новых аўтамабіляў (узростам да трох гадоў) пасля ўступлення Расіі ў СГА мыта скароціцца з цяперашніх 30% да 25%. Пасля на працягу трох гадоў стаўка застанецца нязменнай, а далей, на працягу чатырох гадоў, будзе штогод змяншацца на 2,5%. Такім чынам, у выпадку далучэння краіны да СГА ў 2012 году, у 2019 году памер мыты на новыя аўтамабілі складзе 15%.

Што да аўтамабіляў, старэйшых сямі гадоў, то для іх па-ранейшаму будуць дзейнічаць загараджальныя мыты. Тарыф на імпарт такіх машын складае 2,5–5,8 еўра за кубічны сантыметр.