У Гродне сотні чалавек на Плошчы, затрымалі не менш 20 чалавек

15.06.2011 / 20:18

«Маўклівая рэвалюцыя» ў Гродна павінна была адбыцца на Савецкай плошчы. Аднак там сёння цягам дня зладзілі свята. «Паставілі сцэну, выступаюць музыкі», — расказвае Дзяніс Пачабыт.

Людзі пачалі збірацца з другога боку Плошчы, дзе не было святкуючых. Аднак доўга пастяць там ім не далі. АМАПаўцы не далі здымаць тэлевізійшчыкам, самі ж у гэты час выцяснялі людзей, а таксама затрымлівалі. Адзначаецца, што затрыманні былі вельмі жорсткімі.

Як найменей, затрымана 20 чалавек. Вядома, што сярод іх Пятро Сіповіч, ён меў бел-чырвона-белы сцяжок. Усяго ў акцыі ўдзельнічала больш за 200 чалавек. Сярод затрыманых таксама Зміцер Бандарчук, Барыс Чарняўскі, Агнешка Ліхняровіч і старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

Цяпер удзельнікі акцыі накіраваліся на плошчу Леніна.

Людзі адгукнуліся на заклік збірацца на цэнтральных плошчах гарадоў кожную сераду а 19-й гадзіне, пакуль у краіне не адбудуцца палітычныя і эканамічныя перамены.

ЗП