У Доўску Рагачоўскага раёна закраваточыла ікона

Такая з'ява бывае, калі абраз папярэджвае або рэагуе на нейкую незвычайную падзею.

26.05.2011 / 11:57

Знойдзеная ў згарэлым храме ікона Хрыста Збаўцы была перададзена на захоўванне ў Свята-Пакроўскую царкву, што ў Доўску. І тут выявілася, што абраз стаў сыходзіць крывёй.

Зараз за ім вядуць назіранне, сістэматычна праціраюць, але на абліччы Ісуса Хрыста пастаянна з'яўляецца вадкасць цёмна-чырвонага колеру.

Як растлумачыў мясцовай раённай газеце «Вольнае слова» настаяцель царквы айцец Георгій, такая з'ява бывае, калі абраз папярэджвае або рэагуе на нейкую незвычайную падзею. Магчыма, пажар у Стара-Крыўскай царкве і разбурэнне храма і выклікала гэту з'яву.