У Гродне затрыманы Андрэй Пачобут

Андрэй збіраўся ехаць у Мінск, каб узяць удзел у тэлемосце прадстаўніцтва Еўракамісіі з дэлегацыяй Еўрапарламента ў справе Беларусі.

06.04.2011 / 22:19

Карэспандэнт «Газэты Выборчай» Андрэй Пачобут быў затрыманы ў сераду ў Гродне. Пра гэта агенцтва ПАП паведаміла ў той момант, калі журналіста перавозілі ў абласную пракуратуру.

Андрэй Пачобут збіраўся ехаць у Мінск, каб узяць удзел у тэлемосце прадстаўніцтва Еўракамісіі з дэлегацыяй Еўрапарламанту ў справе Беларусі. На пасяджэнні журналіст меўся распавесці пра крымінальную справу, распачатую супраць яго за публікацыі ў «Газэце Выборчай» і прыватным блогу. Пачобут падазраецца ў знявазе прэзідэнта, яму пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.

Журналіст сказаў карэспандэнту ПАП, што яго цяперашняе затрыманне мае на мэце заблакаваць ягоны ўдзел у тэлемосце.