Нацболы правядуць флэшмоб супраць закрыцця турэмнай бальніцы

30.03.2011 / 15:57

1 красавіка, згодна з рашэннем дэпартамента выканання пакаранняў, закрыецца Рэспубліканская агульнасаматыная бальніца (Мінск, вул. Кальварыйская, 36). Сутнасць праблемы ў тым, што новую бальніцу яшчэ пакуль не пабудавалі. Узнікае супярэчнасць паміж тэкстамі прэзідэнцкіх указаў і выканання планаў на практыцы. Паводле ўказаў спачатку павінна адкрыцца новая бальніца, а ўжо пасля — спыніць сваю дзейнасць старая.

У ананімным лісце, разасланым па рэдакцыях незалежных СМІ яшчэ ў лютым, напрамую гаворыцца пра тое, што часовая адсутнасць бальніцы, можа павялічыць смяротнасць у выпраўленчых установах на 30 працэнтаў. Калі ў старой бальніцы было 300 месцаў, то ў новай плануецца 170, што крытычна мала. На час адсутнасці лякарні, плануецца размясціць палаты ў СІЗА нумар 1, у якіх будзе не больш за 60 месцаў.

З гэтай нагоды аргкамітэт па стварэнні ў Беларусі Нацыянальна-бальшавіцкай партыі праводзіць флэшмоб. Сустрэча адбудзецца 1 красавіка ля галоўнага ўваходу на завод «Белмедпрэпараты» ў 12.40.

ЮУ