Сапраўдная беларуская кухня: Бэбах

23.02.2011 / 11:14

Складнікі: 2 свіныя страўнікі, 0,5 кг свойскай каўбасы, 300 г любівай свініны, 300 г морквы, 300 г цыбулі, 200 г памідораў, 3 зубкі часнаку, прыправы, соль.

Для палівання: 30 г сушаных ці 200 г свежых грыбоў, 200 г смятаны, 100 г таматавай пасты, 2 ст. лыжкі масла, 3 ст. лыжкі мукі, прыправы, соль.

У падрыхтаваны свіны страўнік закласці сырую свойскую каўбасу, кавалачкі любівага свінога мяса, нацёртую моркву, нашаткаваную цыбулю, здробленыя памідоры без скуры, кавалачкі яшчэ аднаго дробна нарэзанага зваранага страўніка, сціснуты часнок, прыправы (толькі не лаўровы ліст!), соль. Страўнік зашыць. Адварыць хвілін 10 у салёнай вадзе. Ваду зліць, зноў заліць салёнай вадой і варыць 5 гадзін. Ваду зліць. На блясе ў печы запякаць бэбах 20–30 хвілін, час ад часу паліваючы тоўчанымі памідорамі з часнаком.

Паліванне: муку падсмажыць да колеру забеленай кавы. Грыбы адварыць у невялікай колькасці вады, дробна нарэзаць і падсмажыць на сметанковым масле, дадаць муку, добра перамяшаць, уліць грыбны адвар, смятану і таматавую пасту, пасаліць і дадаць прыпраў. Тушыць 5 хвілін. Паліваць нарэзаныя кавалкі бэбаху.

З кнігі Юрый Качук. Моц смаку. Беларуская кухня