У Вялікабрытаніі адважная бабуля разагнала банду рабаўнікоў

Гераічны ўчынак быў зняты на відэа.

11.02.2011 / 17:21

Відавочцы знялі на відэа, як у ювелірную краму спрабавала патрапіць цэлая банда налётчыкаў. Злачынцы пачалі біць вітрыны, і, верагодна, неўзабаве апынуліся б ў сярэдзіне. Аднак усе карты рабаўнікам зблытала пажылая жанчына.

Пабачыўшы здаля, што адбываецца, 70-гадовая бабуля з дзіўнай для яе гадоў хуткасцю кінулася на бандытаў і пачала біць іх па галовах сваёй торбачкай. Тыя, відавочна не чакаўшы атакі, кінуліся наўцёкі. З іх двое, мабыць у стане шоку, не здолелі з першай спробы нават ускараскацца на скутэр. Аднаго налётчыка паспелі затрымаць мінакі. А бабульку праводзілі з поля бою як сапраўдную гераіню.