Паштальёны разнясуць віншаванні ад Дзеда Мароза

Замовіць падарунак трэба да 28 снежня.

02.12.2010 / 12:32

Днямі ва ўсіх паштовых аддзяленнях краіны распачаўся прыём замоў на атрыманне дзятвой паштовых віншаванняў ад Дзеда Мароза. Сёлета паштовы падарунак уключае ў сябе навагоднюю паштоўку з віншаваннямі ад Дзеда Мароза, развіццёвую кніжку «Навагоднія прыгоды» з рознымі гульнямі, загадкамі і шарадамі, шакаладку і мяккую цацку — зайца, які з’яўляецца сімвалам 2011 года.

Аформіць замову для беларускага адрасата можна будзе па 28 снежня ўключна, а яе кошт складзе 23 тысячы рублёў.

Непасрэдна напярэдадні Новага года паштальён даставіць і ўручыць дзіцяці паштовы падарунак ад Дзеда Мароза.

Разам з тым у беларусаў ёсць магчымасць павіншаваць такім арыгінальным чынам сваіх сваякоў і сяброў у далёкім і блізкім замежжы.

Праўда, у гэтым разе з афармленнем замовы трэба паспяшацца — зрабіць заяўку трэба не пазней за 15 снежня.

Гэта звязана з хуткасцю дастаўкі міжнароднай карэспандэнцыі, асабліва ў перадсвяточныя дні.

Для адрасатаў у Расіі і Літве паштовы падарунак ад беларускага Дзеда Мароза будзе каштаваць 36 580 рублёў, а для адрасатаў у іншых краінах — 38 710 рублёў.