Пуцін: Выкрытыя шпіёны былі б патрэбныя пры разрыве адносінаў з ЗША

02.12.2010 / 11:10

Прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін патлумачыў у інтэрв’ю амерыканскай тэлекампаніі CNN функцыю, якую выконвала ў ЗША выкрытая гэтым летам група расійскіх шпіёнаў.

Адразу пасля таго, як выбухнуў шпіёнскі скандал, назіральнікі задаліся пытаннем, у чым, уласна, была праца гэтых агентаў: інфармацыя, якую яны перадавалі ў Расію, збольшага была даступная ў адкрытых крыніцах.

Па словах Пуціна з інтэрв’ю Лары Кінгу, якія прыводзіць у сераду The New York Times, агенты не былі актыўнымі, аднак «спатрэбіліся б у крызісны перыяд, калі б дыпламатычныя адносіны былі на час перапыненыя або наогул спыненыя».