Трагедыя ў Івацэвічах: 10-месячнае дзіця задушылася шнурком ад бразготкі

Бацькі пакінулі хлопчыка на 10 хвілін аднаго ў пакоі.

24.11.2010 / 15:01

У Івацэвіцкім раёне ад удушэння шнурком, на які былі нанізаныя бразготкі, загінула 10-месячнае дзіця.

Як паведаміў следчы пракуратуры Брэсцкай вобласці (па Івацэвіцкім раёне) Міхаіл Селех, трагедыя здарылася раніцай 23 лістапада ў адной з вёсак.

Маладыя бацькі прыкладна а 11-й гадзіне пакінулі свайго сына-першынца ляжачым у дзіцячым ложачку, папярок якой быў нацягнуты шнурок з цацкамі.

Праз 10–15 хвілін яны зайшлі ў пакой да дзіцяці і ўбачылі, што іх сын мёртвы, а вакол яго шыі наматаны шнурок з бразготкамі.

Усе акалічнасці трагедыі высвятляе следчы аддзел пракуратуры Брэсцкай вобласці (па Івацэвіцкім раёне).

Адна з версій трагедыі — хлопчык нейкім чынам адчапіў пластмасавыя кручкі, якімі шнурок з бразготкамі замацоўваўся да парэнчаў ложачка. Затым, гуляючы з цацкамі, наматаў шнурок вакол сваёй шыі.

Судова-медыцынская экспертыза ўстанавіла, што прычына смерці хлопчыка — механічная асфіксія.