Беларускі кіроўца паставіў у Эстоніі рэкорд хуткасці

03.11.2010 / 17:01

Супрацоўнікі эстонскай паліцыі спынілі Bentley з беларускімі нумарамі, які разагнаўся на загараднай трасе да 241 км/г. Раніцай 31 кастрычніка ў цэнтр кіравання Пых’яскай прэфектуры паступіла паведамленне аб тым, што па шашы Талін — Пярну — Ікла з вялікай хуткасцю рухаецца чорны Bentley.

Інфармацыя была перададзеная ўсім патрулям дарожнай паліцыі, а праз некаторы час парушальнік трапіў у поле дзеяння радара, які зафіксаваў хуткасць у 241 км/г.

Bentley спынілі ў раёне 22-га кіламетру шашы Талін — Пярну — Ікла ў Аэсмяэ. Кіроўца, 42-гадовы мужчына, прызнаў сваю віну і патлумачыў, што спяшаўся на важную сустрэчу ў іншую краіну.

У дачыненні да парушальніка распачатая справа аб парушэнні. Эстонскі закон аб дарожным руху прадугледжвае за перавышэнне дазволенай хуткасці больш, чым на 40 км/г, грашовы штраф у памеры да 12 тыс. крон, арышт або пазбаўленне права на кіраванне тэрмінам да аднаго года.