Сапраўдная беларуская кухня: Зялёнкі марынаваныя

13.10.2010 / 10:49

Восень… «Туман ярам, ярам-даліною…» — разам з восеньскімі туманамі павылазілі ў сухіх пясчаных барах грыбы-зялёнкі. Вы іх не пераблытаеце: радыкальна зялёныя, і растуць пад ігліцай ці ў радыкальным пяску.

Набраўшы, можаце замарынаваць іх такім чынам:

Зялёнкі заліць на 3–4 гадзіны моцна салёнай халоднай вадой для аддзялення пяску, добра памыць у некалькіх водах, давесці да кіпення, першую ваду зліць, зноў заліць халоднай вадой і варыць прыкладна 40 хвілін. Грыбы гатовыя, калі апусцяцца на дно. Пасаліць так, каб адвар быў моцна салёны (звычайна грыбы соляцца з разліку 1 сталовая лыжка буйной солі на 1 л адвараных грыбоў).

Прастэрылізаваць слоікі над парай. Слоік трэба трымаць над парай столькі, каб ён спачатку запацеў, а потым высах. Лепш выкарыстоўваць літровыя слоікі. Прастэрылізаваць крышкі, пракіпяціўшы іх.

На дно кожнага слоіка пакласці прыправы, уліць 1 сталовую лыжку воцату, запоўніць слоікі гарачымі грыбамі і закатаць. Захоўваць банкі ў прахалодным месцы.

Кансерваванне грыбоў на зіму — складаная задача. Калі недаліць воцату, ёсць небяспека развіцця ў слоіку смяротнага батулізму, які развіваецца без доступу кіслароду ў кансерваваных прадуктах. Калі пераліць, грыбы трацяць смак. Лепей ужываць марынаваныя грыбы свежымі, без закаткі.

НБ (рэцэпт атрыманы ад Ганны Каракі)