Лазавік: Працэс рэгістрацыі ініцыятыўных груп прайшоў суперліберальна

27.09.2010 / 13:28

Пра гэта заявіў журналістам сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік 27 верасня ў Мінску.

«Мы зарэгістравалі ініцыятыўныя групы нават тых прэтэндэнтаў, у якіх у пададзеных дакументах былі істотныя недапрацоўкі і якія не вельмі сур’ёзна паставіліся да фарміравання групы», — сказаў Лазавік.

Лібералізм пры рэгістрацыі ініцыятыўных груп ён назваў «добрым знакам для тых, хто будзе збіраць подпісы і хто стане кандыдатам у прэзідэнты».

Вялікая колькасць ініцыятыўных груп, паводле меркавання Лазавіка, робяць выбары дэмакратычнымі і даюць выбаршчыку магчымасць параўноўваць розныя праграмы прэтэндэнтаў.

Сакратар ЦВК таксама адзначыў, што збор 100 тыс. подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты — «вельмі вялікая арганізацыйная і фізічная праца». Паводле яго слоў, выбаршчыкі будуць падтрымліваць тых, у каго ўжо ёсць сацыяльная падтрымка.

27 верасня ЦВК зарэгістравала 17 з 19 ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.