«Геніюш — за Беларусь! Як мы можам быць супраць?»

дадаліся фота

У Ваўкавыску міліцыя канфіскавала шыльду ў гонар Ларысы Геніюш, вырабленую з дапамогай кампаніі «Гавары праўду». Райвыканкам сцвярджае, што ініцыятары не выканалі фармальнасцяў.

27.07.2010 / 13:58

У Ваўкавыску міліцыя канфіскавала шыльду ў гонар Ларысы Геніюш, вырабленую з дапамогай кампаніі «Гавары праўду». Райвыканкам сцвярджае, што ініцыятары не выканалі фармальнасцяў.

Анатоль Белы паказвае месца, дзе была замацаваная шыльда Геніюш.

Уладзімір Някляеў і Анатоль Белы спрачаюцца з міліцыяй.

Мікалай Кавальчук пасля свайго вызвалення з пастарунку.

Памятны медаль для Мікалая Кавальчука ад Анатоля Белага.

Завершыліся мерапрыемствы літаратурна-музычнай імпрэзай.

Міліцыянты наведвалі імпрэзу чатыры разы з патрабаваннем зняць сцяг.

Мемарыяльную шыльду меркавалі змясціць на хаце, у якой нарадзілася Ларыса Геніюш 27 ліпеня. Геніюш (у дзявоцтве — Міклашэвіч) нарадзілася ў фальварку Жлобаўцы, але пазней сваякі перавезлі гэты дом у Ваўкавыск, ён цяпер і стаіць на вуліцы Перамогі, 40. Гэта прыватны будынак, у ім дагэтуль жывуць людзі.

Памятную шыльду вырабіў мясцовы прадпрымальнік і краязнавец Мікалай Кавальчук. Фінансавала выраб кампанія «Гавары праўду».
На ўрачыстае адкрыццё ў Ваўкавыск прыехалі паэты Уладзімір Някляеў і Міхась Скобла, сабралася грамада. За некалькі хвілін да пачатку цырымоніі Мікалая Кавальчука затрымала міліцыя і адвезла ў пастарунак. Шыльду садралі з будынка і сканфіскавалі.

Міліцыя патлумачыла канфіскацыю тым, што Кавальчук незаконна ўсталяваў шыльду. А потым вуліца ўвогуле была перакрытая супрацоўнікамі газавай службы, якія казалі, што «ёсць праблемы».

Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў пайшоў у пастарунак і дабіўся, каб Кавальчука выпусцілі.
Кавальчук напісаў заяву ў міліцыю з нагоды канфіскацыі. Бо, паводле яго словаў, будынак — прыватны, і з гаспадарамі была дасягнутая дамоўленасць, дазволу ўладаў на ўсталяванне шыльды ў гэтым выпадку не патрабуецца.
Намеснік старшыні Ваўкавыскага райвыканкама па ідэалогіі Ігар Кашкевіч кажа адваротнае. Паводле яго словаў, у райвыканкаме ёсць пісьмовая заява ад уласніка дома, сп. Трацяка, у якой ён выказваецца супраць усталявання шыльды.
«Але і гэта не галоўнае. Перш, чым ставіць памятную дошку, неабходна выканаць некалькі пунктаў, каб усё было па законе. Найперш — правесці праект шыльды праз экспертна-мастацкую раду ў Гродне. Як мы нядаўна праводзілі памятны знак да юбілею Грунвальда. А ад ініцыятараў шыльды па Геніюш — анічагуткі, ніякіх дакументаў. Адзін раз прыйшоў Кавальчук, яму адказалі — і ўсё».
Супраць асобы Ларысы Геніюш, па словах спадара Кашкевіча, у райвыканкаме нічога не маюць: «Яна — наша зямлячка, выдатная паэтка, і яна — за Беларусь. Як мы можам быць супраць?»

Міліцыя заявіла, што шыльда будзе затрыманая да суда, які высветліць, хто і з якой мэтай усталёўваў мемарыяльную дошку.

Варта адзначыць, што ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Мінгарвыканкама нам адказалі, што няма такога нарматыўнага акта, паводле якога ўласнік прыватнага дому мае пытацца дазволу на ўстаноўку шыльды ў сябе на хаце. На практыцы гэта пацвярджае прыклад прыватнага музея Анатоля Белага ў Старых Дарогах: «У мяне вакол хаты 80 помнікаў, і з мяне ніхто ніколі не патрабаваў дазволу», — кажа энтузіяст.

Алесь Пілецкі, Ваўкавыск; Сяргей Мікулевіч