Арцыбіскуп Вільні забараніў заносіць труну з целам Бразаўскаса ў катэдру

Шкадаванне з нагоды гэтага рашэння выказалі Даля Грыбаўскайце і яе папярэднік Валдас Адамкус.

30.06.2010 / 15:35

Арцыбіскуп Вільні кардынал Аўдрыс Юозас Бачкіс забараніў заносіць у кафедральны сабор труну з целам былога прэзідэнта Літвы Альгірдаса Бразаўскаса падчас цырымоніі развітання і пахавання. Афіцыйных тлумачэнняў з нагоды рашэння кардынала не было, але эксперты лічаць, што забарона звязаная з тым, што ў часы знаходжання ў камуністычнай партыі Літвы Бразаўскас меў дачыненне да пераследу каталікоў.

Шкадаванне з нагоды рашэння віленскага арцыбіскупа выказалі цяперашні прэзідэнт краіны Даля Грыбаўскайце і яе папярэднік Валдас Адамкус.

Развітацца з Бразаўскасам у калоннай зале прэзідэнцкага палаца ў сераду прыходзяць тысячы людзей. Доступ у залу будзе адкрыты да 20.00.

Напярэдадні, у аўторак, з Бразаўскасам развіталіся кіраўнікі краіны, былыя паплечнікі прэзідэнта, чальцы ўраду і парламенту.

У чацвер у 13.50 труну з целам Бразаўскаса вынесуць ва ўнутраны двор прэзідэнцкага палаца, затым пахавальная працэсія рушыць у бок могілак на Антокалі. Пахаванне прызначанае на 15.00.

Паводле дадзеных Delfi, паніхіда па Бразаўскасу пройдзе ў саборы ў горадзе Кайшадорыс.

КаМ; паводле Delfi.lt