У Беларусі жыве 140 нацыянальнасцяў

19.05.2010 / 10:29

Людзей каля ста сарака нацыянальнасцяў пражывае ў Беларусі сёння. Пра гэта журналістам паведаміў кансультант аддзела па справах нацыянальнасцяў і прававой працы, прэс‑сакратар Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Міхаіл Рыбакоў. Паводле яго слоў, агучаная колькасць — звесткі апошняга перапісу насельніцтва.

— У Беларусі няма нейкіх асобна ўзятых нацыянальнасцяў, якія маглі б адчуваць сябе стратнымі альбо абдзеленымі, — зазначыў Міхаіл Рыбакоў.

— Ёсць адзіны народ Рэспублікі Беларусь — і ў прадстаўніка любой нацыянальнасці, якая ўваходзіць у склад гэтага народа, ёсць права на сваю культурную разнастайнасць. Галоўная задача ў тым, каб гэта сітуацыя захавалася і каб гэтыя традыцыі развіваліся і надалей.