Дзмітрый Пяскоў заклікаў Паўла Дурава пільней сачыць за тэлеграмам

Маўляў, месенджар «усё больш становіцца інструментам у руках тэрарыстаў».

28.03.2024 / 10:47

Alexei Danichev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Дзмітрый Пяскоў заклікаў Паўла Дурава больш уважліва сачыць за тэлеграмам, заявіўшы, што месенджар «усё больш становіцца інструментам у руках тэрарыстаў». Пра гэта прэс-сакратар прэзідэнта Расеі сказаў у каментары тэлеграм-каналу Shot, адказваючы на пытанне аб тым, ці плануюць улады Расіі заблакаваць тэлеграм, піша «Медуза».

«Не, ніякіх планаў такіх [па блакаванні] зараз няма. Але, безумоўна, мы чакалі б ад Паўла Дурава большай увагі.

Таму што гэты ўнікальны і фенаменальны з тэхналагічнага пункту гледжання рэсурс, які вырас на вачах у нашага пакалення, ён усё больш становіцца інструментам у руках тэрарыстаў, выкарыстоўваецца ў мэтах тэрарыстычных», — заявіў Пяскоў.

27 сакавіка агенцтва РІА Навіны напісала са спасылкай на крыніцу, што падазраваных у здзяйсненні тэракту ў «Крокус Сіці Холе» завербавалі праз тэлеграм-канал, які належыць афганскаму крылу «Ісламскай дзяржавы» і працуе на аўдыторыю ў Таджыкістане.

У сваю чаргу, кіраўніца прэс-службы пецярбургскіх судоў Дар'я Лебедзева 27 сакавіка паведаміла, што з Расіі вышлюць грамадзяніна Таджыкістана, які быў у групе ў тэлеграме, праз якую былі завербаваныя абвінавачаныя ў тэракце ў «Крокусе».

Nashaniva.com