«Я напісала, што Крым належыць Расіі». Беларуска здзіўленая, чаму ў яе ўзніклі праблемы ў Літве

Трагікамічную гісторыю гродзенкі Людмілы Жданюк расказваюць літоўскія СМІ.

09.03.2024 / 16:00

12 гадоў таму гродзенка Людміла Жданюк выйшла замуж за літоўца і пераехала да яго жыць пад Друскенікі. Пры гэтым працягвала катацца да хворай маці ў Гродна. З цягам часу Жданюк атрымала пастаянны дазвол на жыхарства ў Літве. Але цяпер яе пазбаўляюць дакумента.

Прычына банальная: у канцы 2023 года жанчыну папрасілі ў анкеце адказаць на пытанне, якой краіне належыць Крым — Расіі ці Украіне.

«У канцы анкеты было некалькі пытанняў. Першае гучаў так: «Ці падтрымліваеце Вы ўварванне Расіі ва Украіну?», і варыянты адказу — «так» ці «не». Прамежкавых варыянтаў няма. Другое пытанне: «Чый Крым?». Варыянты адказу — «Расіі ці Украіны». Я спачатку адмовілася запаўняць анкету, але мне сказалі, што без яе не прымуць заяву.

Я запоўніла, напісала, што Крым належыць Расіі», — расказвала Людміла.

Пазней з ёй двойчы звязаліся прадстаўнікі Дэпартамента міграцыі, прасілі ўдакладніць адказ.

«Затым мне паведамілі, што мае дадзеныя выслалі ў нейкі міжнародны суд. З 15 лістапада рашэння няма, дазволу на жыхарства таксама няма», — абураецца беларуска.

Жданюк пакуль можа знаходзіцца ў Літве, таму што атрымала візу на паўгода — да ліпеня. Аднак надзеі на атрыманне дазволу на жыхарства ў яе больш няма.

Nashaniva.com