Настаўніка матэматыкі з Рэчыцы асудзілі за сэкс са школьнікам

Злачынства ён здзейсніў яшчэ жніўні 2023 года на беразе Дняпра.

08.03.2024 / 17:01

Фота: uvdgomel / Telegram

Як стала вядома «Флагштоку», абвінавачаны — 29-гадовы настаўнік матэматыкі адной з сярэдніх школ Рэчыцы. Ахвярай стаў яго вучань. Перад пачаткам гэтага навучальнага года даныя настаўніка прыбралі з сайта школы.

Мужчыну абвінавачвалі па трох артыкулах: «уцягванне непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны»(ч.2 арт. 173), «распусныя дзеянні» (ч. 2 арт. 169) і «палавыя зносіны і іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту» (ч. 2 арт. 168).

Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, таму абставіны здзяйснення гэтых злачынстваў не вядомыя. Найбольш строгае пакаранне прадугледжвае апошні з пералічаных артыкулаў — ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Які прысуд вынес рэчычаніну раённы суд, не ўдакладняецца. Аб гучным выпадку нічога не паведамлялі афіцыйныя крыніцы.

6 сакавіка Гомельскі абласны суд разглядаў апеляцыю па гэтай справе.

Раней дваіх мужчын за сэкс са школьнікамі асудзілі ў Жыткавічах і Нароўлі.

Nashaniva.com