«Жанчыну года — 2021» асудзілі за кумаўство і рэкет

Месяц таму пачалі судзіць дырэктара Полацкага дзяржаўнага прафліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Ірыну Кісялёву. Сталі вядомы прысуд і змест абвінавачання, піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».

05.03.2024 / 11:02

Яе абвінавачвалі ў тым, што яна фіктыўна працаўладкавала ў студзені 2019 г. свайго сужыцеля на пасаду з высокім заробкам. У выніку за 2,5 гады на яго ліпавай працы зарабіла 28495 руб.

Наладзіла яна і рэкет у адносінах да сваіх падначаленых: з сакавіка 2019-га па кастрычнік 2022-га яна патрабавала ў работнікаў аддаваць частку іх заробку. Так яна «абрабавала» падначаленых на 6470 рублёў

Па двух артыкулах (перавышэнне ўлады і злоўжыванне ёю) яна атрымала тэрмін у 3 гады з забаронай на кіруючыя пасады на 5 гадоў. Дана адтэрміноўка на 2 гады.

Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны.

Іронія сітуацыі, што ў гэты самы перыяд, калі яна здзяйсняла абвінавачаныя ёй злачынствы, яе зрабілі «Жанчынай года — 2021» у намінацыі «Паспяховы кіраўнік».

Акрамя гэтага, у жанчыны яшчэ званні «Чалавек года Полаччыны» і «Чалавек года Віцебшчыны».

Nashaniva.com