Вагонаважатая ў Мінску прысабечыла сабе грошы пасажыркі: закрыўшы адзежай відэакамеру

У адзін з дзён пасажыр перадаў кімсьці забытую ў салоне жаночую сумку. Спыніўшыся на святлафоры, вагонаважатая агледзела сумку — у ёй ляжалі дакументы, грошы, банкаўскія і зніжкавыя карты.

04.03.2024 / 14:49

На канцавым прыпынку яна зняла з сябе куртку, прыкрыла ёю камеру відэаназірання і выкрала з чужой сумкі 100 рублёў. Пасля нячыстая на руку кіроўца аднесла забытую рэч дыспетчару, пішуць Мінск-навіны.

Аказалася, сумку ў трамваі пакінула мінчанка. Прыехаўшы на дыспетчарскую станцыю, яна ў прысутнасці работнікаў парку праверыла змесціва сумкі і выявіла прапажу грошай. Аб крадзяжы жанчына заявіла ў міліцыю.

Высветлілася, што кіроўца раней да крымінальнай адказнасці не прыцягвалася, але патлумачыла крадзёж цяжкім фінансавым становішчам.

Ёй выстаўленае абвінавачванне ў крадзяжы (ч.1 арт. 205 КК), санкцыя артыкула прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі. Віну жанчына цалкам прызнала, у зробленым раскаялася, шкоду кампенсавала.

Nashaniva.com