«Усё цудоўна». 81-гадовы Байдэн здаровы і энергічны, заявіў яго лекар пасля медагляду

Доктар прэзідэнта ЗША Джо Байдэна па выніках штогадовага медыцынскага абследавання заявіў, што яго здароўе дазваляе яму выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы, і ніякіх новых праблем падчас медагляду выяўлена не было, піша Бі-бі-сі.

29.02.2024 / 09:59

Фота: Evan Vucci / AP

81-гадовы Байдэн, здароўе якога знаходзіцца пад пільнай увагай перад лістападаўскімі выбарамі, прайшоў абследаванне ў сераду ў вайсковым шпіталі ў штаце Мэрыленд і заявіў, што ён у поўным парадку.

«Усё цудоўна», — сказаў Байдэн, дадаўшы, што вынікі апошніх аналізаў нічым не адрозніваюцца ад леташніх.

Доктар Белага дома Кевін О'Конар паведаміў, што Байдэн «цалкам выконвае ўсе свае абавязкі без якіх-небудзь выключэнняў», ён здаровы, энергічны і «працягвае займацца спортам не менш за пяць дзён на тыдзень».

Паводле яго дадзеных, прэзідэнт працягвае лячыцца ад мігацельнай арытміі, прымаючы прэпараты для разрэджвання крыві, а таксама ад гастраэзафагеальнага рэфлюксу і гіперліпідэміі

У справаздачы гаворыцца, што падрабязнае неўралагічнае абследаванне не выявіла ніякіх прыкмет хваробы Паркінсана. Байдэн таксама прайшоў планавае абследаванне на прадмет рака скуры.

У пачатку лютага Джо Байдэн абрынуўся з крытыкай на расследаванне, якое паказала, што ён парушаў правілы абыходжання з сакрэтнымі дакументамі, а ў ходзе допытаў не мог успомніць ключавыя падзеі свайго жыцця з-за праблем з памяццю.

«Як, чорт вазьмі, ён смее падымаць гэтае пытанне? — сказаў Байдэн, маючы на ўвазе спецпракурора Роберта Хура, які назваў Байдэна «пажылым чалавекам з добрымі намерамі і дрэннай памяццю». — Мне не патрэбныя яго рэкамендацыі»»

Міністэрства юстыцыі ЗША заявіла, што не будзе прад'яўляць абвінавачванні прэзідэнту па гэтай справе.

Nashaniva.com