Латвія забараніла ўвоз сельгаспрадукцыі з Беларусі і Расіі

Парламент Латвіі 22 лютага ўвёў забарону на ўвоз сельгаспрадукцыі з Беларусі і Расіі. Пра гэта паведамляе выданне «Прайм» са спасылкай на прэс-службу латвійскага сейма. Латвія ўвяла такую забарону першай з усіх краін Еўрасаюза. Цяпер чакаецца, што ўрад выдасць адпаведную пастанову са спісам канкрэтных тавараў.

22.02.2024 / 21:12

Здымак ілюстрацыйны

Забарона аформленая папраўкай да закона аб сельскай гаспадарцы і развіцці вёскі. Папраўка прадугледжвае абмежаванні на ўвоз сельскагаспадарчай і кармавой прадукцыі з Беларусі і Расіі для спажывання ў Латвіі. Згодна з папраўкамі, беларускую і расійскую сельскагаспадарчую прадукцыю нельга будзе ўвезці ў Латвію і з трэціх краін.

Забарона пакуль што будзе дзейнічаць да лета 2025 года. Яна, праўда, не распаўсюджваецца на сельгаспрадукты, якія вязуць праз Латвію транзітам у іншыя краіны ЕС.

Паводле звестак Мінсельгаса Латвіі, за 10 месяцаў 2023 года Латвія імпартавала сельскагаспадарчай і кармавой прадукцыі з Расіі на 280 млн еўра. Аснову гэтага імпарту (90%) склалі кармы, крупы, бабовыя і рапсавы алей.

У пачатку лютага ў Латвіі фермеры пратэставалі, патрабуючы абмежаваць увоз збожжа з Расіі і Беларусі, а таксама знізіць ПДВ да 5% на латвійскія садавіну, ягады і гародніну.

Чытайце таксама:

Чыгуначныя перавозкі паміж Беларуссю і Польшчай знізіліся больш чым удвая

Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць двух беларускіх прадпрыемстваў

Белы дом 23 лютага накладзе на Расію новыя санкцыі за смерць Навальнага

Nashaniva.com