«Яны схапілі мяне ў дзень няшчасця майго». Зміцер Дашкевіч прабыў паўгода ў бетоннай клетцы

Наста Дашкевіч ў сваім фэйсбуку напісала пра апошнія навіны пра зняволенага мужа Змітра Дашкевіча. 

20.01.2024 / 11:45

Зміцер прабыў у Жодзіна паўгода ў бетоннай клетцы. Увесь час у карцары: ад ліпеня і да студзеня. Зараз яго перавялі зноў Навасады. Туды ж, дзе яму завялі крымінальную справу. Зараз ён зноў у шыза, дзе скардзіцца на дзікі холад. Кажа, што яму прыходзіцца па 8 разоў за ноч уставаць на зарадку, каб сугрэцца. А за гэта яму складаюць рапарты, што ён не ляжыць пасля адбоя. Я не магу зразумець, чаму проста зняволення не дастаткова? Чаму ён не можа адбыць свой тэрмін і павернуцца дамоў да сваіх дзяцей? Да сваёй працы і сваёй сям’і?

Задушша. Вось што я адчуваю ад думкі, што мой каханы чалавек праходзіць праз гвалт, а з гэтым нічога немагчыма зрабіць. Я не ведаю, як даваць рады з усімі побытавымі пытаннямі і 4-мі дзецьмі без яго, як рабіць усе дамашнія заданні дзяцей, рабіць працу, даваць рады з кружкамамі і баршчамі, калі я ведаю, што мой муж трасецца ад холада ў навасадаўскай камеры? Я так і не навучылася з гэтым жыць. Я баюся за ягонае жыццё і ягонае здароўе. І адзінае аб чым малю, гэта для палёгкі для яго. Я хачу, каб тата маіх дзяцей павернуўся дахаты жывым і здаровым..

Яшчэ раней ён пісаў мне вершы, якімі зараз хачу падзяліцца. Браў натхненне з кнігі Псальмаў і з іншых урыўкаў Пісання. Гэты верш напісаны паводле Псальмаў 18, 14, 5, 127. Ва ўсёй гэтай любові — увесь Зьміцер. І мне так болюча ад таго, што гэта любоў не дастаецца зараз ягоным дзецям.

Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго

Яны схапілі мяне 
Ў дзень няшчасьця майго,
Калі ірваўся к табе
Я з палону свайго.

Але Госпад мне быў
У нядолі падпорай.
І на вольную вывеў 
Мяне Ён прастору. 

Шчыт збаўленьня мне даў,
Умацаваў ува сьне.
І ласкавасьць Яго
Памнажала мяне.

І хоць топчуць мяне,
Вораг у душу плюе, 
На змаганьне Хрыстос 
За мяне паўстае.

Усё магу ў Хрысьце,
Я ў Збаўцы маім,
Я прайду ўвесь шлях
Разам з Богам Сьвятым.

Толькі веру маю
Захавай, Божа Мой. 
І тады на муры 
Узыйду я з Табой.

Толькі жоначку Ты, 
Дух Сьвяты, асьвяці,
Каб любоўю яна 
Усё здалела ў жыцьці. 

Толькі дзетак маіх
Тата мой, абдыймі
І далонькай Сваёй
Да Сябе прытулі.

Узьвесялімся тады 
У тваім ратаваньні,
Калі вернеш ты наш
Палон на світаньні.

І на досьвітку буду
Выглядаць Цябе я, 
Хрыста ранкам праславіць
Уся наша сям’я.

Змітра Дашкевіча затрымалі ў красавіку 2022 года. Разам з жонкай Настай яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. 14 ліпеня 2022 года Змітру прызначылі 1,5 года калоніі, а Насце — 3 гады «хатняй хіміі».

Аднак у ліпені 2023 года Зміцер на волю не выйшаў. Яго пакінулі за кратамі нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі. У верасні Змітру Дашкевічу дадалі год строгага рэжыму. 

Nashaniva.com