Беларус зняўся ў серыяле ад Netflix і стваральнікаў «Гульні тронаў»

21 сакавіка на платформе Netflix выйдзе серыял «Задача трох цел» (3 Body Problem) — шматабяцальная фантастыка ад стваральнікаў «Гульні тронаў». У перспектыўным праекце зняўся 37-гадовы беларускі акцёр Міця Савельеў.

11.01.2024 / 17:10

Фота: скрын з трэйлера серыяла

Для Савельева, былога дырэктара Change.org па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, «Задача трох цел» — не першы гучны праект. Год таму ён засвяціўся ў пятым сезоне серыяла «Карона», дзе сыграў перакладчыка Ельцына, а цяпер, як бачым, трапіў у новы буйны серыял. Пра гэта беларус напісаў у сваім фэйсбуку.

Праект «Задача трох цел» заснаваны на вядомым рамане кітайскага пісьменніка Лю Цысіня, гэта адна з самых папулярных навукова-фантастычных кніг апошняга часу. Цягам васьмі серый Netflix правядзе гледачоў па розных кантынентах і эпохах — ад Кітая 1960-х і тагачаснай «культурнай рэвалюцыі» да цяперашніх вуліц брытанскага Оксфарда і памяшканняў ААН у Нью-Ёрку. 

Гэта перапляценне шматлікіх гісторый, аб’яднанае адной вялікай экзістэнцыяльнай пагрозай — сустрэчай з іншапланецянамі, якая, паводле «Задачы трох цел», адбудзецца праз пэўны час. Да яе варта падрыхтавацца, але якім мусіць быць першы кантакт? Чалавецтва не можа вырашыць.

Міця Савельеў пакуль не каментуе серыял і сваю ролю ў ім — кажа, да прэм’еры гэта забаронена. Але акцёр трапіў у трэйлер праекта. У ім мужчына носіць белы халат — выглядае, што грае ролю навукоўца.

Грунтоўная літаратурная аснова — не адзіная прычына чакаць прэм’еры «Задачы трох цел». У серыяла выдатныя шоуранэры, гэта стваральнікі «Гульні тронаў» Дэн Уайс і Дэвід Беніаф. «Задача трох цел» — іх наступны праект пасля яе, і ад серыяла шмат чакаюць.

Чытайце таксама:

Беларусы зняліся ў топавым серыяле ад Netflix. Адзін з іх — у ролі Ельцына

«Апошнія з нас», «Укрыццё» і «Перапоўнены пакой». Найлепшыя серыялы 2023 года

«Паглядзіце наверх». Выйшаў фільм пра беларускія пратэсты, які дорыць надзею

Вера Белацаркоўская