У Грузіі расце скандал з-за іконы з выявай Сталіна

Ікона з выявай Сталіна зʼявілася ў галоўным саборы Тбілісі Самеба. Відэа з храма апублікаваў гісторык Гіоргі Кандэлакі.

07.01.2024 / 14:32

«Вернай дарогай ідзем, таварышы, яшчэ адзін поспех расейскай прапаганды ў інфармацыйнай вайне. Ініцыятара знішчэння незалежнасці Грузіі, забойцы тысяч святароў і стваральніка савецкай таталітарнай сістэмы, размясцілі на іконе ў Самеба», — напісаў ён.

 

Пра тое, як даўно выява зʼявілася ў Самеба і па чыёй ініцыятыве, невядома. Кіраўнік службы па сувязях з грамадскасцю Патрыярхіі Грузіі протаіерэй Андрыя Джагмаідзэ на гэтыя пытанні не адказаў выданню NEWSGEORGIA.

«Ужо не першы раз свята хочуць азмрочыць скандалам, каб у сэрцах людзей, замест радасці пасеяць нянавісць», — сказаў Джагмаідзэ.

З нагоды выявы Сталіна прадстаўнік патрыярхіі сказаў, што ў гэтым няма нічога асаблівага. Ён адзначыў, што гэта абраз Блажэннай Матроны, а не Сталіна. Акрамя гэтага, ёсць прэцэдэнты, калі на абразы трапляюць «вялікія ганіцелі царквы», напрыклад, Дыяклетыян, але гэта не значыць іх услаўленне.

У Расіі абмеркаванні дарэчнасці іконы з выявай Сталіна пачаліся з 2008 года. Тады падобны абраз пад назвай «Блажэнная Матрона дабраслаўляе Іосіфа Сталіна» зʼявілася ў храме Святой княгіні Вольгі ў Санкт-Пецярбургу. На фоне крытыкі ігумен Яўстафій (Жакаў) забраў абраз да сябе дадому. Пасля гэтага ў розныя гады падобны сюжэт перыядычна зʼяўляўся ў розных расійскіх храмах, і кожны раз гэта суправаджалася бурнымі спрэчкамі.

Nashaniva.com