«У нас Эйсманту можна ўсё?» Бондарава атакавала кіраўніка БТ за навагодні канцэрт

Інфаказачка Вольга Бандарава пачала новы крыжовы паход. Яе ўвагу прыцягнуў канцэрт «Навагодняя спёка» на тэлеканале «НТВ-Беларусь». Ён выйшаў эфір яшчэ пяць дзён таму, у навагоднюю ноч, але толькі цяпер нехта звярнуў увагу інфаказачкі.

06.01.2024 / 15:35

Вольга Бондарава. Фота: сацыяльныя сеткі

У канцэрце выступалі расійскія поп-зоркі Асці, Глюкоза, Дзіма Білан, Ані Лорак, якія ўдзельнічалі ў «аголенай вечарынцы» блогеркі Насці Іўлеевай. Сам факт вечарынкі выклікаў абурэнне шавіністычных колаў у Расіі, але для Беларусі, натуральна, не мае ніякага значэння.

Тым не менш Бондарава рашуча пратэстуе: «Працягнем тэму нахабнага дэманстратыўнага наплявальніцтва на нацыянальную Канстытуцыю і мараль беларускага народа з боку тэлевізіёншчыкаў. … Суграмадзяне, я прашу вас напісаць звароты ў Міністэрства інфармацыі з патрабаваннем абараніць культурную прастору Беларусі ад дэструктыву. У Расіі гэтых бл* дзей жорстка выпілавалі. А ў нас Эйсманту можна ўсё? А чаго адразу відэа голай вечарынкі не ўрубіў?».

Іван Эйсмант — муж Наталлі Эйсмант, прэс-сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі

Адметна, што у галаве ў Бондаравай няма ніякага разумення наконт іерархіі беларускай улады — Іван Эйсмант як старшыня Белтэлерадыёкампаніі не падпарадкоўваецца Міністэрству інфармацыі (у адрозненне ад яго калег з АНТ і СТБ). Кіраўнік БТ напрамую адказвае перад Аляксандрам Лукашэнкам.

Nashaniva.com