Прэзідэнты Літвы, Латвіі і Польшчы адмовіліся фатаграфавацца ў Дубаі з Лукашэнкам

«Было б крывадушна стаяць плячом да пляча з кіраўніком дзяржавы, якая стала плацдармам агрэсіі Раіі супраць Украіны, і як ні ў чым не бывала абмяркоўваць будучыню міру і змяненне клімату», — заявіў Гітанас Наўседа.

01.12.2023 / 13:24

Фота: COP28

Прэзідэнты Гітанас Наўседа, Эдгар Рынкевіч і Анджэй Дуда байкатавалі агульную фатаграфію на сустрэчы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па змяненні клімату COP28 у пятніцу, таму што для яе таксама пазіраваў Аляксандр Лукашэнка, піша LRT

«Было б крывадушна стаяць плячом да пляча з кіраўніком дзяржавы, якая стала плацдармам агрэсіі Раіі супраць Украіны, і як ні ў чым не бывала абмяркоўваць будучыню міру і змяненне клімату. Беларускі рэжым спрыяе разбурэнню будучага міру і разам з Расеяй нясе адказнасць за тое, што адбываецца ва Украіне — ад гібелі людзей да катастрафічнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе», — заявіў Наўседа.

«Гэта называецца сямейным фота. Лукашэнка не належыць да той сям'і, да якой мы хочам належаць», — дадаў прэзідэнт Літвы.

Разам з ім прэзідэнты Латвіі і Польшчы Эдгар Рынкевіч і Анджэй Дуда адмовіліся рабіць сумеснае фота на сустрэчы сусветных лідараў у рамках канферэнцыі ААН па змяненні клімату COP28 у Дубаі.

Nashaniva.com