Антыгостынг — новы спосаб не разбіваць сэрцы

Вы схадзілі на спатканне і прыйшлі дахаты з жудаснымі ўражаннямі. Як правільна паступіць? Дапамогуць правілы антыгостынгу.

24.09.2023 / 12:40

Фота: pexels.com

Магчыма, вы ўжо чулі пра гостынг — з’яву, калі нехта рэзка заканчвае адносіны з іншым чалавекам і не дае яму тлумачэнняў. Гэта не толькі пра спыненне спробаў звязацца з партнёрам, але і пра ігнараванне яго званкоў і паведамленняў. Сёння гэта папулярная тэндэнцыя.

Але ёсць і зваротная з’ява — антыгостынг, калі вы паведамляеце чалавеку, з якім сустракаліся, што больш не жадаеце яго бачыць. Часта гэта робіцца праз тэкставае паведамленне. Такі крок азначае, што вы дастаткова сталы чалавек, каб адкрыта паведамляць пра свае пачуцці, замест таго, каб знікаць бясследна.

Тыктокеры з задавальненнем падхапілі гэты новы трэнд. У сацсетцы багата ролікаў з прыкладамі паведамленняў, якія можна дасылаць няўдалым партнёрам, ёсць нават прапанова звярнуцца да ChatGPT, каб штучны інтэлект напісаў такое паведамленне за вас — але ці будзе ў гэтым эмацыйная сталасць?

Карыстальніца sabrina.zohar прапануе просты і карэктны тэкст для паведамлення няўдаламу партнёру: «Прывіт! Хачу быць шчырай і сказаць, што я трохі падумала і не лічу, што для мяне гэта правільны варыянт. Жадаю табе ўсяго найлепшага, было прыемна з табой сустрэцца. Беражы сябе!»

@sabrina.zohar Instead of ghosting say this. #ghosting #text #datingtips #datingadvice #dating ♬ original sound - Sabrina Zohar

Ролік Сабрыны з гэтым тэкстам набраў у тыктоку амаль тры мільёны праглядаў.

Ёсць нават спецыяльныя мабільныя дадаткі, якія дапамагаюць не займацца гостынгам — на жаль, яны пакуль не дайшлі да нашага рынку. Напрыклад, існуе праграма Elate. Яна працуе гэтак жа, як і іншыя праграмы для спатканняў, але мае некалькі спецыяльных характарыстык. У Elate можна адначасова перапісвацца толькі з трыма патэнцыйнымі партнёрамі, і каб завесці новую перапіску, трэба закрыць адзін з існуючых чатаў. У гэтым выпадку праграма дашле карыстальніку, з якім вы больш не жадаеце кантактаваць, ветлівае паведамленне, калі вы самі пра гэта не паклапаціліся.

Чаму антыгостынг — найлепшы выбар? Перш за ўсё, кідаць без папярэджання іншага чалавека — гэта проста не вельмі добра. Вам можа здавацца, што так будзе мякчэй, але гостынг можа мець адваротны эфект на цяпер ужо экс-партнёра: чалавек будзе губляцца ў здагадках, што пайшло не так, і для яго адносіны не будуць завершаныя належным чынам. Варта сфармуляваць развітальныя словы так, каб не адчуваць сябе ніякавата, калі вы раптам сустрэнецеся з былым партнёрам на вуліцы. Акрамя таго, калі вы выбіраеце скончыць адносіны з павагай, гэта шмат кажа пра вас як пра чалавека.

Больш за тое, гостынг можа быць шкодным для ментальнага здароўя. У 2021 годзе выданне Psychology of Popular Media апублікавала даследаванне, паводле якога ахвяры гостынгу маюць праблемы з даверам іншым людзям і самаацэнкай. Тым, хто кідае партнёраў без развітання, таксама непроста — яны адчуваюць віну і пакуты сумлення.

У любым выпадку, не трэба баяцца, і калі вы сталі ахвярай гостынгу, не прымайце гэта асабіста. Верагодна, чалавек проста не здолеў выразіць свае пачуцці, або яму не хапіла смеласці быць шчырым, ці чалавеку проста цяпер не да спатканняў. Ідзіце далей з разуменнем, што хаця гэты чалавек і не падышоў вам, у свеце багата іншых людзей, якія будуць рады з вамі пазнаёміцца.

Калі вы пішаце развітальнае паведамленне, будзьце шчырым. Напрыклад, на паведамленне, дзе нехта выражае сваю цікавасць да вас, падзякуйце за прыемны час разам і ясна паведаміце, што гэтая цікавасць неўзаемная. Наўрад ці вы хочаце пакрыўдзіць чалавека, але і не варта даваць яму ілжывую надзею. 

Людзям лягчэй прыняць адмову, калі яна зробленая з павагай, і цяжэй, калі яны адчуваюць, нібыта ад іх пазбаўляюцца як ад смецця. Калі вы дапускаеце магчымасць застацца сябрамі, прапішыце і гэта ў вашым паведамленні.

У кожных адносінах наступае момант, калі пры растанні ўжо не хопіць простага паведамлення «рэч не ў табе», і калі трэба мець мужнасць на шчырую размову. Але можа быць цяжка высветліць, ці надышоў ужо гэты момант. Такая мяжа невыразная і залежыць хутчэй не ад колькасці спатканняў, а ад таго, наколькі глыбокія адносіны ў вас склаліся з чалавекам. Калі вы адчуваеце, што ваш партнёр прывязаны да вас, а вы не адчуваеце такой жа прывязанасці, магчыма, час з ім шчыра пагутарыць.

Ёсць яшчэ адзін варыянт, калі часам можна сысці з адносінаў без развітання. Партнёр паводзіць сябе з вамі непаважна ці агрэсіўна? Дазвольце сябе абарваць з ім кантакты, калі палічыце патрэбным.

«Правіла пяці хвілін». Беларусы расказалі, як зліваюцца са спаткання, калі яно не падабаецца

«У іспанцаў прынята хутка пераводзіць знаёмства ў ложак». Беларускі расказваюць, чым адрозніваюцца спатканні за мяжой

Псіхолаг назвала рысы партнёра, небяспечныя для адносінаў

Вера Белацаркоўская