Прапаганда выпусціла фільм пра аналітыка Андрэя Паротнікава і паказала, як запісвалі размовы з яго тэлефона

На АНТ выпусцілі фільм, дзе расказалі, у чым вінавацяць Паротнікава і як яго затрымлівалі (а пасля рабілі выгляд, што адпусцілі).

29.08.2023 / 23:07

 

Андрэй Паротнікаў. Скрын відэа АНТ

На Паротнікава завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 356 «здрада дзяржаве». 

У чым яго вінавацяць? У тым, што рыхтаваў аналітычныя запіскі на тэмы беларускай палітыкі і эканомікі і публікаваў іх, у тым ліку ў сваім Belarus Security Blog, а таксама рассылаў іх іншым, у тым ліку людзям, якіх АНТ называе супрацоўнікамі польскай разведкі. 

«Даныя збіраў праз знаёмых сілавікоў, чыноўнікаў, на сустрэчах і брыфінгах. А пасля адпраўляў за мяжу — за грошы», — кажа закадравы голас.

У эфіры паказваюць кадры схаванай здымкі яшчэ з 2016 года дыпламатычнага супрацоўніка Польшчы Якуба Мушынскага, які сустракаўся з Паротнікавым. АНТ называе Мушынскага супрацоўнікам Агенцтва разведкі Польшчы. Публікуюцца таксама фрагменты праслушкі іх размоў.

Схаваная здымка Паротнікава і польскага дыпламата, паказаныя ў эфіры АНТ

Паказваюць таксама перапіску Паротнікава па электроннай пошце (доступ да яе атрымалі, выглядае, пасля затрымання) з польскім палітолагам Гжэгажам Арлоўскім. Той пасля пачатку вайны ў 2022-м пытаўся ў аналітыка, што робяць у Беларусі расійскія вайскоўцы, колькі іх, якія настроі ў сілавых шэрагах, якую тэхніку вывозяць з Беларусі ў Расію. Распытваў Арлоўскі таксама пра каліноўцаў і тое, ці не чуў Паротнікаў нешта пра полк, які нібыта збіраецца ствараць Карач.

Як вынікае з фільма, у Мінску Паротнікава затрымалі, а пасля выкарыстоўвалі, каб даведацца пра шляхі эвакуацыі беларусаў. Яго прымусілі званіць прэс-сакратарцы Ціханоўскай Ганне Красулінай, пісаць Андрэю Стрыжаку і іншым — гэтыя размовы і перапіскі запісваліся.

Пасля дазволілі яму зрабіць выгляд, нібы ён збіраецца выязджаць за мяжу. Маршрут мусіў быць Мінск — Лёзна — Рудня — Смаленск. А пасля Масква. 

Андрэй Паротнікаў у машыне з сілавікамі падчас аперацыі КДБ. Скрын відэа АНТ

Што адметна, у анонс фільма яго прэзентавалі як «заснавана на рэальных падзеях». І некаторыя кадры ў ім пастановачныя. Напрыклад, сцэна затрымання Паротнікава — зашмат ракурсаў, заплечнік, які падае пры затрыманні, то ў кадры, то знікае.

Цяпер Паротнікаў у СІЗА, яму пагражае да 15 гадоў зняволення.

Nashaniva.com