Жанчына зняла, як ДАІ штрафуе яе дачку за адсутнасць флікера. Да яе прыслалі АМАП і «ўжылі сілу»

У Лоеўскім раёне байцы АМАПа затрымалі жанчыну, аштрафавалі за непадпарадкаванне і завялі крымінальную справу па артыкуле аб распальванні варожасці, бо «не варта блытаць лаяльнасць праваахоўнікаў з праявамі слабасці».

23.08.2023 / 11:51

Чэрвеньскім вечарам ДПС Лоеўскага РАУС у вёсцы Бывалькі Лоеўскага раёна пабачылі дзяўчыну, якая рухалася без флікераў. Яе запрасілі ў службовы аўтамабіль для складання адміністрацыйнага пратакола.

Да машыны ДАІ падышла і 39-гадовая маці дзяўчыны. Яна стала здымаць відэа, якое пазней выклала ў інтэрнет.

Як паведамляе УУС Гомельскага аблвыканкама, жанчына «ўсяляк спрабавала перашкаджаць вядзенню адміністрацыйнага працэсу, здымала тое, што адбываецца на тэлефон,

эмацыйна каментавала дзеянні супрацоўніка міліцыі і даючы ацэнку дзеянням праваахоўнікаў у цэлым».

Пазней дадому да жанчыны прыбыла следча-аператыўная група, якая абвясціла, што ў адносінах да яе праводзіцца праверка па факце публічнай абразы прадстаўніка ўлады. Ёй прапанавалі праехаць у РАУС, але жанчына адмовілася.

«Байцы АМАП УУС Гомельшчыны з выкарыстаннем фізічнай сілы даставілі «буяную» жанчыну ў аўтатранспарт», піша сайт міліцыі.

На жанчыну склалі пратакол аб непадпарадкаванні і аштрафавалі на 185 рублёў.

18 жніўня ў дачыненні да яе распачалі крымінальную справу па артыкуле аб распальванні сацыяльнай варожасці або варожасці ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

«Супрацоўнікі міліцыі пры выкананні службовых абавязкаў заўсёды добразычлівыя, з павагай ставяцца да ўсіх грамадзян. Але не варта блытаць лаяльнасць праваахоўнікаў з праявамі слабасці», — пракаментаваў начальнік УУС Гомельскага аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Аляксандр Шастайла.

Nashaniva.com