Агледзелі больш за сто хат, але такі знайшлі сваю. Сям'я мінчукоў з'ехала на вёску, каб радавацца жыццю і карміць аленяў

Тры гады таму Аліна з мужам адважыліся на сур'ёзны крок: купіць дом на вёсцы. І не для сезонных забаў, а адразу для пераезду — з усім дабром, піша пра іх «Анлайнер».

08.08.2023 / 23:22

 

Да гэтага ў пары ўжо быў вопыт загараднага жыцця: дача ў сваякоў, самастойны адпачынак у намётах — усё гэта, безумоўна, захапляла, але да панядзелка пара вярталася ў сваю кватэру, каб наступныя пяць дзён круціцца, як вавёркі ў коле.

У нейкі момант стала зразумела, што ў жыцці трэба нешта мяняць: ад штодзённай руціны ўжо ванітавала. Выратаванне муж і жонка бачылі толькі ў адным: уласным доміку, у якім будзе ўсё так, як захочуць яны.

Пошук патрэбнага варыянту заняў нямала часу. Хоць на продаж і выстаўленыя тысячы хат, сустрэць сваю — той яшчэ квэст.

Таму, перш чым недзе атабарыцца, мінчукі агледзелі больш за сто дамоў, і ў кожным мінусы пераважвалі плюсы.

Аднак Аліна з мужам не апускалі рукі і ў нейкі момант апынуліся ў вёсцы хутарскога тыпу. Хаты ў ёй аддаленыя адзін ад аднаго на сотні метраў, жылых з іх — і ўвогуле адзінкі. Што яшчэ трэба стомленым і выгаралым гараджанам?

Моцны зруб, якому ўсё яшчэ патрэбен рамонт (муж і жонка нават жартуюць, што работы па хаце не скончацца ніколі), абышоўся пакупнікам у 8500 даляраў па курсе. Аднак ужо пераехаўшы на месца, мінчукі даведаліся ад суседзяў, што раней гэты самы дом прадаваўся па 3200 даляраў.

Атрымліваецца, пераплацілі? Не зусім. Мужчына, які купіў хату за 3200 даляраў і прадаў героям гэтага артыкула за 8500 у эквіваленце, зрабіў у ёй рамонт: памяняў вокны, дах, акультурыў у адным пакоі сцены гіпсакардонам.

Напэўна, свой навар гаспадар таксама заклаў, але пара не ў крыўдзе: не прыйшлося самім займацца гэтымі пытаннямі. І без таго хапае клопатаў (але ўжо прыемных).

«Мы з мужам адразу дамовіліся, што, як толькі купляем дом, пераязджаем. Усё адно, будзе ён без падлогі ці без даху. На крайні выпадак уладкуемся ў намёце побач. Я ж заўсёды марыла жыць у цішыні», — тлумачыць, у чым бачыць выгоды пераезду, Аліна.

«Заканчваючы працу, я не карыстаюся гаджэтамі, не хаджу ў госці да суседзяў — проста атрымліваю асалоду ад абсалютнай цішыні. Мне так камфортна. Насупраць нашага дома знаходзіцца поле, дзе можна назіраць дзікіх жывёл. Побач — вялікі лес і рэчка. Што яшчэ трэба?»

Не хавае дзяўчына і адваротнага боку пераезду на хутар: без машыны ў глухмені вельмі цяжка, бо нават найбліжэйшая вясковая крама месціцца за чатыры кіламетры. А ўзяць там можна хіба што малако і хлеб. Час ад часу выручаюць дастаўкі, але жалезны конь ох як патрэбны.

Здабыць ваду аказалася не так і проста. Каб дабрацца да яе, прыйшлося прасвідраваць свідравіну глыбінёй 54 метры (гэта прыкладна вышыня 18-павярховага дома). Каштуе такое задавальненне нятанна.

Склаўшы рукі ў вёсцы таксама не пасядзіш: як бы старанна ні абкошваў участак, усё адно праз тыдзень-паўтара трава скажа: «Прывітанне».

«Мы ўжо ўклалі сюды недзе 9000-10 000 даляраў. Вядома, думалі над тым, каб адкрыць сваю «вясковую» справу. Але гэта вельмі складана. Напрыклад, калі варыць сыр, трэба заводзіць шмат жывёл. Значыць, ты адсюль ужо нікуды не выедзеш. А мы ўсё ж такі любім падарожнічаць. Цалкам прывязваць сябе да аднаго месца не хочам», — тлумачыць Аліна.

Зрэшты, яна з'яўляецца гаспадыняй некалькіх катоў і сабак, а яшчэ нейкі час падкормлівала аленяў. Самых сапраўдных. Лясныя госці — іх назвалі Тося і Фрося — прыходзілі да мінчукоў дадому ўзімку, калі знайсці пражытак у чалавека было прасцей, чым у лесе.

У пары, якая з натхненнем пераехала за горад, быў беспрацоўны перыяд: ашчаджэнні дазвалялі. Муж і жонка з галавой акунуліся ў рамонт і пачалі весці блог. Але недзе праз год стала зразумела, што на блогу не пражывеш і трэба вяртацца ў свет. І калі ў мужа Аліны, які ў прынцыпе працуе рукамі і ездзіць па ўсёй краіне, праблем з гэтым не ўзнікла, то дзяўчыне прыйшлося пацярпець: не будучы айцішніцай, разлічваць на аддаленую працу яна не магла.

Прыйшлося вяртацца ў Мінск, аднаўляць працоўныя сувязі. Гэты перыяд прасякнутай вясковым жыццём дзяўчыне даўся вельмі цяжка: апатыя, слёзы, дэпрэсія. Балазе, бачачы пакуты Аліны, кіраўніцтва пайшло ёй насустрач і адпусціла працаваць аддалена. Так гармонія зноў вярнулася ў жыццё мінчанкі.

Цяпер наўрад ці нешта зможа выцягнуць яе з хутара надоўга. «Усё склалася роўна так, як я хацела. І як павінна было адбыцца», — упэўненая дзяўчына.

Nashaniva.com