Гамяльчук сам навяліў рыбы, з'еў яе і ледзь не памёр

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя, у крыві 44-гадовага мужчыны з Гомеля выявілі батулінічны таксін. А патрапіў ён у арганізм пасля ўжывання ў ежу нявытрыбушанай вяленай рыбы хатняга прыгатавання.

10.06.2023 / 22:14

Гэты мужчына заўсёды вяліў рыбу сам і было добра, але гэтым разам не пашанцавала. А ўвогуле ж гатаваў рыбу ён з парушэннем правіл бяспекі, бо абавязковай умовай для вялення рыбы ў хатніх умовах ёсць такая, што перад прыгатаваннем яе трэба абавязкова вытрыбушыць.

«Пры пэўных умовах у вяленай рыбе можа развіцца смяротна небяспечны батулінічны таксін, здольны даволі хутка забіць нават моцна складзенага дарослага мужчыну, — гаворыцца ў прынагодным артыкуле сайта fishingby.com. — Вяліць рыбу ў нявытрыбушаным выглядзе ў хатніх умовах недапушчальна, пры пэўных абставінах такі ласунак можа стаць апошнім, што вы паспрабуеце ў жыцці».

Батулізм — гэта смяротна небяспечнае харчовае атручэнне, якое ўзнікае з-за ўжывання прадуктаў, заражаных палачкамі батулізму. Яны выпрацоўваюць таксін Clostridium botulinum, які выклікае цяжкае паражэнне цэнтральнай нервовай сістэмы.

Clostridium botulinum устойлівы да высокіх канцэнтрацый солі (да 18%), не гіне ў прадуктах, якія змяшчаюць спецыі. Адзінае, што можа яго забіць — кіпячэнне на працягу 20-30 хвілін. 

Чытайце таксама:

Беларус паеў хатніх марынаваных агуркоў з памідорамі і ледзь не памёр

Вучоныя знайшлі супрацьяддзе ад паганкі

Чацвёра падлеткаў дзеля галюцынацый паелі сушаных мухамораў і трапілі ў рэанімацыю

Nashaniva.com