У Германіі злодзей украў у беларуса-дальнабойніка груз, разрэзаўшы тэнт фуры

У нямецкай камуне Мерэнберг зямлі Гесэн, непадалёк ад Франкфурта, беларускі кіроўца грузавіка стаў ахвярай дзеянняў невядомага злодзея. Пра гэта паведамляе сайт «Беларусь і свет» на падставе паведамлення мясцовай паліцыі.

10.06.2023 / 20:50

Фото: innenministerium.bayern.de

Інцыдэнт адбыўся ў ноч на чацвер 8 чэрвеня, у прамежак часу з 01.00 да 07.00. Пакуль кіроўца спаў, прыпаркаваўшы фуру на стаянцы па вуліцы Даймлерштрасэ, зламыснік прарэзаў адтуліну ў тэнце паўпрычэпа і выцягнуў з яго частку грузу.

Паводле папярэдніх звестак, злачынцам мог быць мужчына, апрануты ў чорную куртку, сінія джынсы, шэрую бейсболку і карычневыя чаравікі з белымі шнуркамі. Паліцыя просіць магчымых сведак падзяліцца інфармацыяй для вышуку і затрымання правапарушальніка.

Nashaniva.com