Украінец задумаў уцячы з краіны. Ён прыхапіў з сабой фотапастку, а яна здымала ўвесь час яго маршрут

Атрымалася ганьба: і сам не збег, і прыбор усё зафіксаваў і перадаў куды трэба.

10.06.2023 / 12:07

56-гадовы жыхар Кіева спрабаваў нелегальна перасекчы мяжу з Венгрыяй і прыхапіў з сабой фотапастку памежнікаў, якую ўбачыў на дрэве. Камера анлайн зафіксавала маршрут парушальніка, таму яго хутка знайшлі памежнікі, паведамляе «Украінская праўда».

Ва Украіне забаронена мужчынам прызыўнога ўзросту пакідаць краіну.

«Выдатную кемлівасць праявіў 56-гадовы кіявец пры спробе нелегальна прабрацца ў Венгрыю. Уцякаючы ад памежнікаў, мужчына заўважыў фотапастку і на ўсялякі выпадак прыхапіў з сабой. Атрымалася ганьба: і сам не збег, і прыбор усё зафіксаваў і перадаў куды трэба», — гаворыцца ў паведамленні памежнай службы.

У прэс-службе Чопскага памежнага атрада кажуць, што мужчына забраў з сабой камеру, каб не пакінуць доказаў.

«Мужчына ішоў да мяжы і на самай мяжы спыніўся. Ён некаторы час хаваўся, каб адсачыць, ці няма паблізу памежнага атрада. Калі ён там сядзеў, схаваўшыся ў кустах, на дрэве ўбачыў фотапастку. Яны не моцна бачныя, але калі паглядзець некаторы час, то можна заўважыць.

Ён зразумеў, што гэта нейкая камера, якая яго здымае, і вырашыў, што калі яе здыме, то не будзе ніякіх слядоў», — кажуць у памежным атрадзе.

Фотапастка зафіксавала, як мужчына ішоў да мяжы, і як здымаў прыладу.

У гэты час памежнікі патрулявалі мясцовасць. Атрымаўшы інфармацыю з фотапасткі, падраздзяленне групы рэагавання адправілася спыняць мужчыну.

Мужчыну прыцягнуць да адказнасці не толькі за адміністрацыйнае, але і за крымінальнае правапарушэнне.

«Ён аформлены ў нас, спроба незаконнага перасячэння мяжы — гэта наша кампетэнцыя, адміністрацыйнае правапарушэнне. А наконт крадзяжу справу перадалі Нацпаліцыі.

У яго былі пры сабе дакументы, таму я думаю, што яго ўжо адпусцілі. Але справа вядома будзе, бо гэта крадзеж. Справа яшчэ і ўскладняецца тым, што цяпер ваенны час», — дадала прэс-сакратар ведамства.

Калі суд дакажа віну мужчыны, яму пагражае ад 5 да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Nashaniva.com