Борыс Джонсан склаў з сябе дэпутацкія паўнамоцтвы пасля скандалу аб вечарынках на Даўнінг-стрыт

Былы прэм'ер-міністр Брытаніі Борыс Джонсан склаў з сябе паўнамоцтвы дэпутата Палаты грамадаў брытанскага парламента. Гэта адбылося пасля таго, як ён атрымаў справаздачу па справе аб вечарынках на Даўнінг-стрыт падчас лакдаўна.

10.06.2023 / 07:30

Борыс Джонсан у Кіеве 23 лютага 2023 года. Фота: Ukrainian Presidential Press Office via AP

У пятніцу Джонсан атрымаў копію яшчэ не апублікаванай справаздачы парламенцкага камітэта, які расследаваў абставіны арганізацыі вечарынак у рэзідэнцыі прэм'ера на Даўнінг-стрыт падчас лакдаўна, уведзенага ў сувязі пандэміяй каранавіруса, нагадвае Бі-бі-сі.

Аўтары даклада, у прыватнасці, прыйшлі да высновы, што Джонсан наўмысна ўводзіў парламент у зман. Сам экс-прэм'ер заявіў, што справаздача «мае шмат недакладнасцяў і перадузятая», а членаў камітэта абвінаваціў у спробе выгнаць сябе з парламента.

«Яны да гэтага часу не прывялі ні найменшых доказаў таго, што я свядома ці па неасцярожнасці ўвёў Палату грамадаў у зман», — заявіў ён.

У паказаннях, якія Джонсан даваў Камітэту ў сакавіку, ён прызнаў, што ўводзіў парламент у зман, але адмаўляў, што рабіў гэта наўмысна.

Сышоўшы з пасады прэм'ера летам мінулага года, Джонсан заставаўся дэпутатам ад адной з лонданскіх акругаў (Оксбрыдж і Саўт-Райсліп), зараз там павінны прайсці датэрміновыя выбары.

У брытанскі парламент Джонсан быў абраны ў 2001 годзе. Пасля сыходу адтуль, па яго ўласным прызнанні, ён не мае намеру сыходзіць з палітыкі.

Борыс Джонсан узначальваў брытанскі ўрад з 2019 па 2022 год. Падчас яго знаходжання на чале кабінета Брытанія афіцыйна выйшла з ЕС.

Яго сыход з пасады прэм'ер-міністра быў па большай частцы выкліканы скандалам з вечарынкамі на Даўнінг-стрыт, які атрымаў назву Партыгейт (Partygate).

Чытайце таксама:

Борыс Джонсан заявіў пра жаданне ўзначаліць НАТА

«Назваў Эманюэля словам з чатырох літар, першая — «С». Борыс Джонсан моцна вылаяўся на Макрона 

Джонсан распавёў пра пагрозы з боку Пуціна перад пачаткам вайны

Nashaniva.com