У Беларусі футбольны клуб узначаліў экс-пракурор

На пасаду старшыні футбольнага клуба «Дняпро-Магілёў», які выступае ў першай лізе, прызначаны Сяргей Капытаў.

08.06.2023 / 14:30

Сяргей Капытаў. Фота: ФК «Дняпро»

«Склаўся для гэтага шэраг абставінаў. Я, шчыра скажу, сюды не збіраўся, — расказаў Сяргей Капытаў прэс-службе каманды. —. Мяне сюды запрашалі і 10 гадоў таму, і 5 гадоў таму. Але быў не гатовы. Мне было няпроста з'ехаць з Мінска. Гэта першае. Там усё ж такі ў мяне жонка і дзеці, праца. Я працаваў у такой структуры, з якой не так ужо і проста сысці.

А чаму «Дняпро»? Я хоць і гуляў у баскетбол, але на ўсе футбольныя матчы хадзіў. На стадыёне «Спартак» многіх па магілёўскіх мерках вялікіх футбалістаў асабіста бачыў: Кабранкоў, Насташэўскі, «залаты» склад «Дняпра». У мяне да гэтага часу з многімі хлопцамі добрыя адносіны, у свой час аказваў ім пэўную дапамогу».

«Хоць і пражыў агулам 18 гадоў у Мінску, але мінчуком не стаў. Я ўсё роўна магілёвец, за гэты горад заўсёды перажываў, і за «Дняпро» у тым ліку. Гэта толькі апошні год не хадзіў у Магілёве на футбол. Да гэтага быў пастаянным госцем на матчах «Дняпра». Гісторыя ў клуба вельмі багатая», — патлумачыў ён.

У яго планах вярнуць клуб у вышэйшую лігу (зараз «Дняпро» выступае ў першай) і замацавацца ў ёй.

Раней Сяргей Капытаў працаваў у пракуратуры Магілёўскай, а затым Мінскай вобласці, дзе ўзначальваў аддзел па наглядзе за выкананнем заканадаўства абласным УСК.

«Дняпро» (Магілёў) быў чэмпіёнам краіны ў 1998 годзе, а ў 2019 годзе вылецеў з вышэйшай лігі і з-за фінансавых праблем быў распушчаны, пасля чаго адноўлены пад назвай «Дняпро-Магілёў».

Чытайце таксама:

Клуб, які заняў 9-е месца ў чэмпіянаце Беларусі, выступіць у еўракубках. Як такое магчыма?

З беларускіх футбольных клубаў працягваюць здымаць ачкі

У салігорскага «Шахцёра» забралі чэмпіёнства 2022 года, а таксама 30 ачкоў у гэтым сезоне

Чаму апошні кейс з дагаварнякамі ў беларускім футболе — лютая ганьба

Nashaniva.com