У Канадзе незвычайна моцныя лясныя пажары. Задымленыя нават Нью-Ёрк і Вашынгтон

Колькасць і інтэнсіўнасць лясных пажараў у Канадзе абяцаюць пабіць усе рэкорды. Як заявіў прэм'ер-міністр Джасцін Трудо, цяпер у Канадзе 414 лясных пажараў, 239 з іх выйшлі з-пад кантролю. Больш за 20 тысяч чалавек эвакуяваныя са сваіх дамоў.

08.06.2023 / 07:44

Толькі ў Квебеку налічваецца больш за 150 ачагоў актыўнага ўзгарання, пры тым, што ў мясцовых пажарных ёсць магчымасць тушыць адначасова не больш за 40 пажараў, піша Бі-бі-сі.

Фота: CIRA/NOAA / AP

Акрамя Квебека, лясы гараць на плошчы ў 3,3 млн гектараў у Брытанскай Калумбіі, Альберце, Антарыё, Новай Шатландыі і на Паўночна-Заходніх тэрыторыях.

Лясныя пажары тыповыя для гэтай пары года ў Канадзе. Але маштабы пажараў, якія назіраюцца сёлета, незвычайныя, часткова яны выкліканыя больш сухім надвор'ем і цёплымі тэмпературамі.

Калі пажары працягнуць распаўсюджвацца з такой хуткасцю, федэральныя чыноўнікі прадказваюць, што 2023 год стане годам горшых пажараў у Канадзе за ўсю гісторыю назіранняў з пункту гледжання памеру выгаралай плошчы.

Тысячы канадцаў вымушаныя былі эвакуявацца праз блізкія пажары, а пра патэнцыйную небяспеку, звязаную з задымленнем паветра, былі папярэджаныя дзясяткі мільёнаў людзей ва ўсёй Паўночнай Амерыцы.

Над многімі гарадамі Канады і ЗША, у тым ліку над Таронта, Атавай, Нью-Ёркам і Вашынгтонам, неба афарбавалася ў цьмяна-аранжавы колер. Улады Атавы называюць забруджванне паветра ад пажараў вельмі небяспечным для здароўя людзей, асабліва якія людзей, што пакутуюць на рэспіраторныя захворванні.

Нью-Ёрк, Yuki Iwamura / AP

У Нью-Ёрку і Вашынгтоне была прыпыненая праца дзяржаўных школ, а мэр Нью-Ёрка Эрык Адамс папярэдзіў, што сітуацыя можа пагоршыцца, і заклікаў насельніцтва без неабходнасці не пакідаць дамы.

Эрык Адамс заявіў, што ньюёркцы ніколі не перажывалі нічога падобнага і назваў сітуацыю беспрэцэдэнтнай.

Белы дом заявіў, што адпраўляе дапамогу Канадзе для барацьбы з ляснымі пажарамі. Па словах прэс-сакратара Карын Жан-П'ер, больш за 600 амерыканскіх пажарных, аснашчаных спецыяльнай авіяцыяй, ужо дапамагаюць на месцах сваім канадскім калегам.

Nashaniva.com