Самка кракадзіла зацяжарыла без партнёра. Гэта першы вядомы выпадак

Першы выпадак самаапладнення самкі кракадзіла быў зафіксаваны навукоўцамі ў заапарку Коста-Рыкі. Генетычны код кракадзільчыка на 99,9% супадаў з кодам яго маці.

07.06.2023 / 20:01

Са слоў навукоўцаў, «беззаганнае зачацце» можа быць цалкам распаўсюджанай з'явай у кракадзілаў. Фота Joe Wasilewski

У самім феномене «беззаганнага зачацця» няма нічога новага, такое сустракаецца ў розных відаў птушак, рэптылій і рыб, аднак выпадак з кракадзілам — першы. І гэта, на думку навукоўцаў, можа сведчыць аб тым, што здольнасць як партэнагенез магла быць атрыманая ў спадчыну ад старажытных продкаў, у дадзеным выпадку — дыназаўраў, якія таксама маглі размнажацца такім спосабам, піша Бі-бі-сі.

У гэтым жа выпадку яйка было адкладзена ў студзені 2018 года 18-гадовай самкай вострарылага кракадзіла (раней гэты від памылкова называлі вострамордым алігатарам) у заапарку Парк Рэптыліяна. Плод у яйку цалкам сфармаваўся, але быў мёртванароджаным, таму так і не вылупіўся.

Самка трапіла ў заапарк ва ўзросце двух гадоў, і яе ўвесь гэты час утрымлівалі асобна ад самцоў. Таму, выявіўшы яйка, супрацоўнікі заапарка паведамілі пра гэта ў Політэхнічны універсітэт Вірджыніі, дзе маецца аддзел, які спецыялізуецца на партэнагенезе.

Аналіз праведзены навукоўцамі палітэха, пацвердзіў, што плод генетычна практычна цалкам ідэнтычны маці, гэта значыць з'явіўся без удзелу бацькі.

На думку даследчыкаў, праца якіх апублікаваная ў часопісе Лонданскага Каралеўскага таварыства Biology Letters, «Беззаганнае зачацце» у кракадзілаў можа быць вельмі распаўсюджанай з'явай, на якое раней проста не звярталі ўвагі, бо не чакалі яго.

«Бывае, што рэптыліі, якія знаходзяцца ў няволі, у адсутнасць самцоў адкладаюць яйкі, але такія яйкі заўсёды лічыліся нежыццяздольнымі, і ад іх пазбаўляліся, — пішуць навукоўцы. — Аднак у святле новага адкрыцця такія яйкі, адкладзеныя без удзелу самца, варта разглядаць як патэнцыйна жыццяздольныя. Больш за тое, паколькі «беззаганнае зачацце» можа адбыцца і ў прысутнасці самца, яго лёгка прапусціць».

Пытанне аб тым, чаму розныя віды аддаюць перавагу партэнагенезу, застаецца адкрытым, аднак у апошні час у навуковай літаратуры прыводзіцца ўсё больш такіх выпадкаў, магчыма таму, што навукоўцы сталі звяртаць на гэта ўвагу. Паводле адной з тэорый, да партэнагенеза звяртаюцца тыя віды, колькасць якіх рэзка скарачаецца, і ім пачынае пагражаць выміранне.

У сувязі з гэтым аўтары даследавання мяркуюць, што іх адкрыццё можа праліць святло на магчымыя рэпрадуктыўныя асаблівасці далёкіх продкаў кракадзілаў — дыназаўраў.

Nashaniva.com