Пракурор патрабуе Пракоп'еву пакаранне ў выглядзе 25 гадоў пазбаўлення волі

Пракурор 6 чэрвеня зачытаў абвінавачанне Вадзіму Пракоп'еву, а таксама запытаў тэрміны для абвінавачаных па так званай «справе Гайдукевіча», піша «Мінская праўда». 

06.06.2023 / 15:41

Пракурор запытаў для Пракоп'ева 25 год узмоцненага рэжыму, з іх 5 год турмы. Акрамя таго, Пракоп'ева, як і іншыя фігуранты справы, будуць пазбаўлены ўсіх воінскіх званняў.

Крымінальная справа ў дачыненні да Вадзіма Пракоп'ева, разглядалася ў завочнай вытворчасці.

Сяргею Лісоўскаму і Паўлу Чыхінскаму абвінаваўца запытаў па 20 гадоў, Уладзіміру Савенкову — 17 гадоў, Сяргею Сакалову — 14 гадоў і штраф у памеры 700 базавых велічынь, Мікалаю Рою і Пятру Юркевічу — 12 і 11 гадоў адпаведна.

У Мінскім гарадскім судзе ўжо чатыры месяцы ідзе суд па гучнай крымінальнай справе ў тым ліку за спробу нібыта падпалу дома Алега Гайдукевіча ў чэрвені 2021 года.

Справу паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса разглядае Сяргей Хрыпач, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівае Максім Чупрыс.

Па справе праходзіць 18 абвінавачваных. Гэта Вадзім Пракоп'еў, Дзяніс Хаміцэвіч, Ігар Чамякін, Віталь Вайцяховіч, Настасся Вайцяховіч, Уладзіслаў Вайцяховіч, Вольга Вайцяховіч, Сяргей Лісоўскі, Аляксей Міхайлаў, Дзмітрый Невяркевіч, Эдуард Пястрак, Вольга Петух, Мікалай Рой, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Дзяніс Філончык, Павел Чыхінскі і Пётр Юркевіч. З іх 15 чалавек знаходзяцца пад вартай. 

Чытайце таксама:

«Змова сілавікоў»: хто тыя афіцэры, якіх судзяць разам з Пракоп'евым

Nashaniva.com