«Беларусбанк» запусціў плацяжы на нумары мабільнага тэлефона

Максімальная сума пераводу складае 150 рублёў.

06.06.2023 / 08:43

Фота: «Наша Ніва»

«Каб здзейсніць імгненны плацёж, неабходна быць карыстальнікам сістэмы «Інтэрнэт-банкінг» і мець бягучы (разліковы) банкаўскі рахунак без выкарыстання банкаўскай плацежнай карткі. Пры неабходнасці яго можна адкрыць у інтэрнэт-банкінгу ў анлайн-рэжыме», — паведамляе прэс-служба банка.

Каб атрымаць перавод праз сістэму, карыстальніку таксама неабходна прывязаць нумар мабільнага тэлефона і бягучы (разліковы) банкаўскі рахунак да сэрвісу сістэмы імгненных плацяжоў (СІП). Гэта робіцца ў інтэрнэт-банкінгу ва ўкладцы «плацяжы і пераводы» ў некалькі клікаў.

Карыстальнік, які атрымаў плацёж праз СІП на свой бягучы рахунак, можа перавесці іх на выбраную аплатную карту праз функцыю «спісаць на карту».

Максімальная сума пераводу ў сістэме складае 150 рублёў. У суткі можна здзейсніць не больш за 5 аперацый на суму не больш за 500 рублёў.

Плата за перавод складзе 1,5% ад сумы, мінімум 1 рубель.

Nashaniva.com