Назіральная камісія не знайшла ніякіх парушэнняў у калоніі, дзе ўтрымлівалі Віктара Бабарыку

Чатыры члены Віцебскай абласной грамадскай назіральнай камісіі пры галоўным Упраўленні юстыцыі аблвыканкама наведалі 1 чэрвеня наваполацкую папраўчую калонію №1, у якой утрымліваецца больш за 100 палітвязня, паведамляе «Віцебская Вясна».

04.06.2023 / 17:07

Грамадская камісія ў часе праверкі калоніі. Фота: vitebskjust.gov.by

Пасля завяршэння праверкі старшыня камісіі Уладзімір Каташук выказаў агульную думку, што ў калоніі створаныя ўсе ўмовы для ўтрымання асуджаных і іх выпраўлення. Ён таксама заявіў, што падчас кантролю камісія не выявіла парушэнняў правоў і законных інтарэсаў асуджаных. Ніводнай крытычнай заўвагі ім агучана не было.

Падчас наведвання калоніі члены камісіі глядзелі ўмовы побыту зняволеных, ацэньвалі харчаванне, арганізацыю працы, вольнага часу, медыка-санітарнага забеспячэння, захаванне правоў асуджаных на веравызнанне. 

У справаздачы гаворыцца, што ў жылых блоках абсталяваныя пакоі, у якіх пражываюць ад 4 да 12 асуджаных. Сцвярджаецца, што гэтыя памяшканні адпавядаюць санітарна-гігіенічным нормам.

Тое самае датычна харчаблока, дзе ёсць хлебны, варачны, мыйны цэхі. Паводле сяброў камісіі, памяшканні і абсталяванне знаходзяцца ў чысціні, а санапрацоўка праводзіцца штодзень.

Добра адгукаюцца сябры камісіі і наконт медсанчасткі са стаматалагічным, фізіятэрапеўтычным, рэнтгеналагічным кабінетамі, а таксама ізалятарам на 30 койка-месцаў. Паведамляецца, што паслугі вузкіх медыцынскіх спецыялістаў асуджаныя атрымліваюць у Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы.

У часе наведвання наваполацкай калоніі грамадскіх назіральнікаў суправаджаў намеснік начальніка Упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Віцебскай вобласці Кацюруба.

Тым часам гэта рэзка разыходзіцца са сведчаннямі палітвязняў, якія прайшлі праз наваполацкую калонію. Блогер Аляксандр Кабанаў, які выйшаў на волю ў снежні 2022 года, распавядаў, як праз невыносныя ўмовы ўтрымання і ціск з боку адміністрацыі быў вымушаны рэзаць сабе рукі. Ён таксама адзначаў бесчалавечнае стаўленне да вязняў з боку медыцынскіх работнікаў калоніі.

Менавіта ў наваполацкай калоніі ўтрымлівалі Віктара Бабарыку да моманту яго раптоўнай шпіталізацыі. Паведамлялася, што 27 красавіка ён знаходзіўся ў Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы. З таго моманту інфармацыі пра яго месцазнаходжанне і стан здароўя няма.

У маі ў Наваполацку прайшлі затрыманні дактароў у бальніцы, куды прывозілі Бабарыку.

Nashaniva.com