«Белсат» звольніў журналіста, якога СК Расіі лічыць арганізатарам забойства Уладлена Татарскага

Журналіста Рамана Папкова, якога СК Расіі лічыць датычным да забойства «ваенкара» Уладлена Татарскага, звольнілі з польскага выдання «Вось так» неўзабаве пасля тэракту ў Санкт-Пецярбургу. Пра гэта паведамляе RTVI са спасылкай на намесніка кіраўніка польскага тэлеканала «Белсат» Аляксея Дзікавіцкага. «Вось так» — праект польскага тэлеканала «Белсата», створанага для беларусаў. 

02.06.2023 / 18:29

Раман Папкоў. Фота: асабістая старонка ў Facebook

«Актывісты, якія займаюцца падтрымкай палітычных партый, не могуць адначасова быць журналістамі, прынамсі ў нас», — сказаў Дзікавіцкі.

Паводле яго слоў, палітычная партыя, да якой мае дачыненне Папкоў — гэта рух былога дэпутата Дзярждумы Іллі Панамарова «Съезд народных депутатов», якое ў Расіі аб'яўлена «непажаданай» арганізацыяй.

RTVI адзначае, што апошняя публікацыя за аўтарствам Папкова на сайце «Вось так» была зроблена 3 красавіка — на наступны дзень пасля тэракту ў Пецярбургу. У ёй журналіст адмаўляе дачыненне да выбуху і кажа, што меў зносіны з абвінавачанай у тэракце Дар'яй Трэпавай выключна «пра журналісцкія справы».

«Зразумела, ніякіх загадаў забіваць Татарскага, ніякіх знаёмстваў з украінскай разведкай — нічога гэтага не было», — казаў Папкоў.

1 чэрвеня МУС Расіі аб'явіла Папкова ў вышук. Следчы камітэт завочна прад'явіў абвінавачанне Папкову па артыкуле аб арганізацыі тэракту. СК сцвярджае, што ён «кіраваў» тэрактам, у выніку якога загінуў Татарскі.

Чытайце таксама:

«Усіх заб’ём, каго трэба, абрабуем. З Богам». Хто такі Уладлен Татарскі, якога падарвалі ў піцерскай кавярні

«Мама крычала, што заб'е мяне». Дар'я Трэпава дала першае інтэрв'ю пасля выбуху ў прыгожынскім кафэ 

Узарвалі аўтамабіль з Захарам Прылепіным

Nashaniva.com