Франак Вячорка расказаў, як званок Вавана і Лексуса выглядаў з ягонага боку, і пра слова, якое выдала пранкераў

Па словах дарадцы Ціханоўскай, хлусня выкрылася адразу, калі падстаўны «Парашэнка» пачаў гаварыць. Але чаму тады яны працягнулі размову?

02.06.2023 / 18:30

Фота: Офіс Ціханоўскай

На інтэрв'ю да кіраўніка АНТ Марата Маркава прыйшлі пранкеры Ваван і Лексус, якіх звязваюць з расійскімі спецслужбамі. Яны паказалі відэа розыгрышу Святланы Ціханоўскай. Праўда, у пранку, які прапаганда выстаўляе як сенсацыйныя прызнанні, прагучалі толькі тэзісы, якія Ціханоўская і так агучвае публічна. 

Але як увогуле адбылася размова з гэтым «Парашэнкам»? 

Франак Вячорка тлумачыць, што ім прыйшоў запыт на размову з Парашэнкам. Так як гэта не была тэт-а-тэт размова, а сазвон, то дадатковай верыфікацыі не праводзілі. 

«Для Святланы Ціханоўскай сазвоны з лідарамі краін — гэта звычайная справа. Да нас прыйшоў запыт аб размове — ну, давайце пагаворым. Гэта звычайная працэдура. Мы ў прынцыпе кожны тыдзень па пятніцах робім відэа-размовы з усімі ахвотнымі.

Часам вар'яты прыходзяць на такія сазвоны. У цэлым, калі табе няма чаго хаваць, то ніякія пранкеры не страшныя. Святлана спачатку гаварыла максімальна карэктна і даносіла пазіцыю, якую мы даносім паўсюль», — расказаў Вячорка. 

Але, маўляў, хутка беларускія палітыкі зразумелі, што іх падманваюць — гэта стала ясна пасля іхняга прадстаўлення, калі слова ўзяў «Парашэнка». 

«Гэта было відэа. На ім быў твар нібыта Парашэнкі, але з такой затрымкай, што складана было адрозніць. «Парашэнка» патлумачыў гэта кепскай сувяззю — мне здаецца, там былі згенераваныя відэа, дзе «Парашэнка» маўчыць, і дзе гаворыць. 

Фактычна, што гэта падман, стала ясна адразу, калі загаварыў «Парашэнка». Ён гаварыў з рускім акцэнтам — у слове Славянск націск паставіў на «а»! 

Ну і голас быў непадобны, мы зразумелі, што адбываецца, але не клалі трубку. Вырашылі выйсці прыгожа, і я папрасіў «Парашэнку» размаўляць па-украінску. Ён паплыў, ну і ўсё», — дадаў Вячорка. 

Размова адбылася паўтара тыдні таму. 

Чытайце таксама:

Пранкеры Ваван і Лексус пад выглядам Парашэнкі дазваніліся да Ціханоўскай, але не змаглі падтрымаць размову з Вячоркам па-ўкраінску

Nashaniva.com