Першы ЦЭ пералічаць па новай методыцы. Вынікі можна будзе дазнацца ўжо сёння

Вынікі другога ЦЭ таксама будуць разлічаны па гэтай жа методыцы, іх можна будзе даведацца ў панядзелак. Пра гэта журналістам паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец, піша БелТА.

02.06.2023 / 14:10

Фота: БелТА

«Скончыла працу міжведамасная камісія, якая правярала карэктнасць падліку вынікаў першага цэнтралізаванага экзамену.

Вынікі праверкі паказалі, што памылак няма, у тым ліку і ў методыцы разліку тэставых балаў. Разам з тым па колькасці зваротаў, якія да нас паступілі ад грамадзян, стала відавочна, што методыка занадта складаная.

Таму Аляксандрам Лукашэнкам дадзена канкрэтнае даручэнне — спрасціць методыку разліку і зрабіць яе зразумелай для кожнага чалавека. Міністэрствам адукацыі такая работа праведзена, у яе распрацоўцы выкарыстоўваліся падыходы, якія ўжываліся пры правядзенні рэпетыцыйнага тэсціравання.

Ужо сёння будуць пералічаны вынікі першага цэнтралізаванага экзамену і сёння ж размешчаны на сайце РІКВ, а таксама ў асабістых кабінетах абітурыентаў. Вынікі другога ЦЭ таксама будуць разлічаны па гэтай жа методыцы, іх можна будзе даведацца ў панядзелак», — сказаў Андрэй Іванец.

Ён адзначыў, што разам з вынікамі цэнтралізаванага экзамена, як першага, так і другога, будуць апублікаваны табліцы пераводу першасных балаў у тэставыя, па якіх кожны абітурыент і кожны выпускнік зможа пераправерыць правільнасць і карэктнасць разліку сваіх вынікаў.

«Усім абітурыентам, якія рыхтуюцца да ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні, варта таксама разумець, што ўмовы правядзення і ЦЭ, і ЦТ будуць абсалютна ідэнтычныя. Гэта тычыцца як складанасці тэставых заданняў, якія цалкам адпавядаюць школьнай праграме, так і разліку тэставых балаў. Гэта вельмі важна, таму што мы павінны стварыць роўныя, зразумелыя, справядлівыя ўмовы як для ўсіх выпускнікоў гэтага года, так і для выпускнікоў мінулых гадоў, якія сёлета будуць мець магчымасць здаць тры цэнтралізаваныя тэсціраванні для паступлення ў нашы ўніверсітэты», — сказаў на заканчэнне кіраўнік адукацыйнага ведамства.

Акрамя таго, Міністэрства адукацыі працягне прыём грамадзян і ў выпадку ўзнікнення пытанняў будуць дадзены тлумачэнні.

Nashaniva.com